“НЕ” выбарчаму фарсу ў Беларусі!



Беларусы ў Варшаве заклікалі міністра замежных справаў Польшчы, Гжэгажа Схетыну, не прызнаваць чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

У 96-м годзе Аляксандр Лукашэнка здзейсніў антыканстытуцыйны пераварот і пазбавіў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь права абіраць уладу, — гаворыцца ў звароце да міністра, які зачытаў сакратар «Руху салідарнасці «Разам» Вітаўт Сіўчык:

— Мы спадзяемся, што Польшча будзе голасам Еўропы і зможа таксама паўплываць на Заходнееўрапейскія краіны, каб яны не прызнавалі гэты выбарчы фарс, гэты спектакль за сапраўдныя выбары, каб не было такога прэцэдэнту. Гэта сапраўды пагражае незалежнасці Беларусі. Калі Лукашэнка будзе прызнаным на Захадзе, дык ягоны подпіс на дзяржаўных дакументах таксама мае быць прызнаны. Адпаведна, крый божа, будзе нейкае лёсавызначальнае рашэнне для Беларусі пад якім ён паставіць свой подпіс і Беларусі не будзе. На жаль, у такім выпадку Захад фактычна прызнае, што Беларусь страчвае сваю незалежнасць. 

Зварот быў афіцыйна перададзены на разгляд у Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара.