Невядомыя правялі „дэкамунізацыю” ў Орлі



Невядомыя знішчылі ўначы з 26 на 27 красавіка ў Орлі некалькі ўказальнікаў і шыльдаў з назвай вуліцы Чырвонай арміі.

Акцыя была добра падрыхтавана, паколькі шыльды нельга было б знішчыць без адмысловых прыладаў, кажа войт гміны Пётр Сэльвесюк:

– Знішчылі ўсе вулічныя і дарожныя ўказальнікі з назвай Чырвонай арміі. Указальнікі былі выгнутыя, абрэзаныя і скрадзеныя. Для таго, каб зрэзаць гэтыя шыльды, патрэбныя адмысловыя прылады. Хтосьці, хто не быў бы падрыхтаваны да такога кшталту дзеянняў, не змог бы зрабіць гэтага на ўсёй вуліцы.

Справа расследуецца паліцыяй Бельска-Падляшскага.

“Для нас, жыхароў вуліцы Чырвонай арміі, гэта незразумела. Навошта нішчыць указальнікі з назвай вуліцы, якая і так будзе зменена згодна з законам “Аб змене  камуністычных назваў у публічнай прасторы”.     Відавочна некаму гэта вельмі перашкаджала – але не нам”.

Менавіта так кажуць жыхары вуліцы Чырвонай арміі ў Орлі, дзе невядомыя знішчылі ўказальнікі з назвай вуліцы:

– Я б іх назваў вандаламі. Зрабілі глупства. Не падабаецца камусьці, бо вуліца названа ў гонар Чырвонай арміі. А я памятаю, як Чырвоная армія нас вызваляла. Яны ішлі праз Орлю, і я гэта добра памятаю, мне тады было восем гадоў. Гэта армія выгнала немцаў.

– Навошта яны гэта зрабілі? Пазбівалі ўказальнікі толькі з вуліцы Чырвонай арміі, больш ні з якіх вуліц. Камусьці, відаць, гэта перашкаджае.

Уначы невядомыя знішчылі пяць указальнікаў з назвай вуліцы Чырвонай арміі, і адзін – з назвай вуліцы Вызвалення. Усе назвы былі на польскай мове. Страты ацэненыя ў 2,5 тысячы злотых.

Гэта не першы падобны выпадак у Орлі. Раней некалькі разоў фарбамі замалёўваліся ўказальнікі з беларускамоўнымі назвамі населеных пунктаў. Вінаватыя не былі знойдзены.

Орля – адзіная гміна на Падляшшы, якая ў 2009 годзе ўвяла беларускую мову, як дапаможную, і ўсталявала беларускамоўныя ўказальнікі. Звыш 80% жыхароў гміны з’яўляюцца па нацыянальнасці беларусамі.

 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Давіда Гайко