Новая кропка на мапе „Беларускага Беластока”



11125804_864926603549216_1387451523699182320_nНовая кропка з’явілася на мапе “Беларускага Беластока” – гэта месца пахавання ўраджэнца Саколкі, ксяндза Антона Леоша (1896 – 1975). Вядома, што ён быў чальцом Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, прыхільнікам беларусізацыі каталіцкага касцёла на беларускіх землях, з 1945 года з’яўляўся пробашчам парафіі Беласток-Дайліды.

Расказвае аўтар праекта “Беларускі Беласток”, наш рэдакцыйны калега Аляксей Трубкін:

 Пра гэтае пахаванне мне паведаміў кіраўнік Беларускай Нацыянальнай Памяці Анатоль Міхнавец. Адзінае, што было вядома, дык гэта тое, што пахаваны на Дайлідах, быў беларускім каталіцкім дзеячам, пробашчам, ксяндзом. У прынцыпе, гэта ўся інфармацыя, якая была. Пошукі не былі працяглымі, бо інфармацыя пра яго была ў польскіх крыніцах, інтэрнэце. Таму я хутка знайшоў інфармацыю пра тое, дзе ён пахаваны.

Мапу “Беларускага Беластока” знойдзем на сайце нашага Беларускага Радыё Рацыя. Там таксама пазначаныя месцы пахавання іншых дзеячаў, у тым ліку сына Ларысы Геніюш – Юркі Геніюша; пісьменнніка, краязнаўцы і педагога Міколы Гайдука; праваслаўнага дзеяча і кампазітара Канстанціна Кіслага ды іншыя.

Аляксей Трубкін просіць усіх, хто мае інфармацыю пра іншыя пахаванні вядомых беларусаў, паведамляць у рэдакцыю нашага радыё.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксея Трубкіна