Пачаліся конкурсныя праслухоўванні “Гайнаўскіх дзён царкоўнай музыкі”



У гайнаўскім саборы святой Тройцы прайшоў першы дзень конкурсных праслухоўванняў 36-ага Міжнароднага фестывалю “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі”. 

Выступілі сем хораў з Польшчы, Беларусі і Украіны.  “Гэта быў цікавы і разнабаковы рэпертуар” – падсумоўвае вынікі  выступлення сябра конкурснай камісіі Аляксандр Лойка:

– Вельмі разнастайны быў дзень. Выступалі і дзеці, і дарослыя, хары парафіяльныя, гарадскія і вясковыя. І трэба адзначыць, што ёсць вельмі цікавыя напрацоўкі, я маю на ўвазе – з боку прафесіянальнага выканання. Але хачу сказаць, што тут пануе праваслаўны спеў. Кожны спявае вельмі і вельмі малітоўна.

Сёння а 16-й гадзіне пачнуцца чарговыя конкурсныя праслухоўванні. На гэты раз пачуем ажно 11 канкурсантаў. Пераможцаў у паасобных катэгорыях агучаць у суботу 13 траўня. У гэты дзень пройдзе таксама гала-канцэрт у Гайнаўцы ды Беластоку.

 

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара