Пачатак святкавання ў Вялікабрытаніі 500-годдзя беларускага кнігадруку



17 кастрычніка Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны мела гонар вітаць намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушу – госця пачатку cвяткавання ў Вялікабрытаніі 500-годдзя беларускага кнігадруку. Спадар Суша сустрэўся з радай Скарынаўскай бібліятэкі і з беларускай супольнасцю Лондана.

Падчас сустрэчы з сябрамі Бібліятэчнай рады былі агучаны шэраг прапаноў па супрацы паміж дзвюма ўстановамі для ўзаемнага пашырэння доступу да калекцый карыстальнікам у Беларусі і Вялікабрытаніі, алічбавання матэрыялаў з калекцыі Скарынаўкі, выставачнай дзейнасці, тэхналагічнаму садзейнічанню і магчымасці карыстання экспертнымі напрацоўкамі Нацыянальнай бібліятэкі. Наперадзе – багата карпатлівай працы, якая павінна прынесці добрыя плёны.

Сустрэча з беларускай супольнасцю пачалася ў Marian House – сядзібе Беларускай каталіцкай місіі і будынку, ад якога гісторыя Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны бярэ свой пачатак.

Джым Дынглі, сябра рады Скарынаўскай бібліятэкі і вядомы беларусазнаўца, распачаў вечарыну аповедам пра тое, што яшчэ ў 1995 г. першы амбасадар Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі Уладзімір Шчасны шукаў магчымасці для кантактаў і супрацы паміж Нацыянальнай бібліятэкай і Скарынаўскай бібліятэкай, але спатрэбілася 20 гадоў, каб першы візіт да суайчыннікаў у Брытаніі прадстаўніка галоўнай беларускай бібліятэкі адбыўся. Яго нагодай стаў пачатак святкавання ў Лондане 500-годдзя беларускага кнігадруку, які прыпадае на жнівень 2017 г.

Ігар Іваноў, сакратар Бібліятэчнай рады Скарынаўкі, расказаў, чаму беларускі асяродак у раёне Фінчлі з’яўляецца вельмі дарэчным месцам для ўшанавання нашых нацыянальных кніжных здабыткаў. Тут жыў і дзеіў а. Аляксандр Надсан – адметны скарыназнаўца, які не толькі вывучаў, перакладаў і папулярызоўваў спадчыну беларускага першадрукара, але і прыклаў вялізарныя намаганні для таго, каб іншыя даследчыкі мелі магчымасці рабіць свае даследванні ў гэтай галіне. Выступоўца таксама распавёў пра кур’ёзны факт стварэння а. Надсанам камп’ютэрных шрыфтоў, стылізаваных пад графіку Скарынавых друкаў.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша прывёз у падарунак для беларускай бібліятэкі ў Лондане першыя восем ужо надрукаваных тамоў факсімільнага ўзнаўлення ўсіх скарынавых выданняў. Ён таксама расказаў пра запланаваную праграму святкавання юбілея беларускага кнігадруку ў Беларусі і замежжы.

Да падзеі была падрыхтавана невялікая, але захапляльная выстава выбраных старадрукаў, манускрыптаў і скарыназнаўчых выданняў, якія складаюць гонар Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны, у тым ліку фрагменты Першай кнігі Царстваў (1518 г.), якія захоўваюцца тут. Гэтыя скарбы ўпершыню выстаўляліся разам. Прыемным сюрпрызам для прысутных стала непадрыхтаваная загадзя, імправізаваная, але вельмі цікавая і натхняльная міні-экскурсія па выстаўленых экспанатах, якую зрабіў Алесь Суша.

Гэта была першая падзея ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадруку ў Вялікабрытаніі. Рыхтуюцца іншыя падзеі, у тым ліку ў Брытанскай бібліятэцы і іншых знакавых бібліятэках краіны – з удзелам Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны.

Ігар Іваноў, skaryna.org.uk

Фота:  Алесь Суша