Пачаўся дэкламатарскі конкурс «Паэтычнае трохгалоссе»



У Бельску Падляшскім прайшоў першы з трох дзён  дэкламатарскага конкурсу “Паэтычнае трохгалоссе”. Арганізатары называюць яго “Паэтычным трохгалосікам”, бо накіраваны ён выключна на дашкольнікаў. Кажа ініцыятарка мерапрыемства Альжбета Фіёнік з Бельскага Дому культуры:

— Трохгалоссе гаворыць на розных мовах ад трох да сямідзесяці трох гадоў — такі узрост усіх дэкламатараў. Пачынаем, як заўсёды, ад тых найменшых. Выступаюць дзеткі дашкольнага узросту: ад трохгадовых да шасцігодак. Некаторыя з іх яшчэ і гаварыць надта добра не ўмеюць, але ўжо дэкламуюць на двух мовах. 

Гэта конкурс адзіны ў сваім выглядзе – кожны ўдзельнік дэкламуе два вершы: адзін на польскай мове, другі на беларускай або ўкраінскай.

Сёння журы выслухала 30 ўдзельнікаў. Заўтра, з 9.30 раніцы дэкламаваць вершы будуць вучні пачатковых школ ды гімназісты. Іх будзе больш за 70. XVII дэкламатарскі конкурс “Паэтычнае трохгалоссе” завершаць у чацьвер, 20 кастрычніка, ліцэісты ды дарослыя.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя