Падляшша – на ручніках



Беласточчына на ручніках прадстаўлена ў Бельску-Падляшскім. У Музеі ў Бельскай Ратушы адкрылі выставу карцін «Былі, ёсць, будзем», аўтарства беларускага мастака Міраслава Здрайкоўскага.

zdymak_14

Падчас адкрыцця выставы вучні з ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя спявалі песні і дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў. На выставе прадстаўлена 17 прац, якія з’яўляюцца выявамі падляшскіх ручнікоў. Убачыць на іх можна матывы Беласточчыны: штодзённае жыццё жыхароў,  падляшскія краявіды ды сакральныя матывы. «Несумненна, у працах можна ўбачыць матывы, якія кранаюць нас як беларусаў Падляшша», – кажуць наведвальнікі выставы:

– Гэта вельмі цікавыя матывы, якія вельмі характэрныя для нас, як меньшасці і жыхароў Падляшша. Цікавыя іконы: Божая Маці, якая трымае ручнік, матыў драўляных хатаў, характэрных для  Беласточчыны.

– Мне больш за ўсё падабаюцца буслы на тыпічным падляшскім краявідзе. Калі бачу працы Мірка, то думаю пра беларускую вышыўку.

– Выстава  паказвае, як тое, як былі, ёсць, будзем, так і куды можам ісці з ручнікамі, калі нехта захоча іх вышыць. А калі не, то застануцца на абразах.

Адкрыццё выставы «Былі, ёсць, будзем» было мерапрыемствам, якое пачало VIII З’езд выпускнікоў ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім. Наступныя пункты праграмы пачынаюцца сёння з набажэнства ў Міхайлаўскай царкве, якое праходзіць у гэтыя хвіліны, а палове 12-й у ліцэі пачнецца  афіцыйнае адкрыццё з’езду.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск-Падляшскі

Фота аўтара