Падляшскае ваяводства пачынае супрацу з Львоўскай вобласцю



Будуць грошы на развіццё транспамежнага супрацоўніцтва ў галіне гаспадаркі, здароўя і турызму. Ужо ў кастрычніку пачынаецца набор на праекты ў межах еўрапейскай праграмы Польшча – Беларусь – Украіна.

0x0

Маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскі сустрэўся ў гэтай справе з прадстаўнікамі Львоўскай вобласці. Паводле старшыні Лльвоўскай абласной рады Аляксандра Ганушчына, каб лепш выкарыстаць еўрапейскія сродкі патрэбнае таксама супрацоўніцтва Львова з падляшскім партнёрам у Беларусі – Гарадзенскай вобласцю.

— Пасля сустрэчы па Падляшшы я адчуў неабходнасць вектару руху супрацы ў напрамку Рэспбулікі Беларусь. Напэўна нам трэба абраць вобласць, якая не мае стасункаў з Валынню, бо Валынь мае з Берасцем, а мы будзем браць іншую вобласць Беларусі, зыходзячы нават не з меркавання геаграфіі, а з меркавання гатоўнасці да транспамежнай супрацы.

Паводле маршалка Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскага, трохбаковае супрацоўніцтва Беласток – Гародня – Львоў павінна засяродзіцца на справах звязаных з турызмам і аховай здароўя.

— Гэта вельмі добры напрамак дзеянняў, каб былі задзейнічаны адначасова тры бакі, як і прадугледжвае транспамежная праграма. І асабліва калі у транспамежных праграмах вядзецца пра ахову здароўя, то бок ужо канкрэтныя праекты ў шпіталях з іхняга боку і з нашага боку.  

На рознага віду праекты з праграмы Польшча – Беларусь – Украіна да 2020 года прызначаныя 160 мільёнаў еўра.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

 

Фота: wrotapodlasia.pl