“Падляшская актава культур” у Беластоку



Працягваецца Міжнародны фестываль музыкі, мастацтва і фальклору Падляшская актава культур. 500 удзельнікаў і каля 20-ці калектываў з Расеі, Украіны, Харватыі, Вугоршчыны ды Літвы выступяць па ўсім Падляшшы. Сёння на сцэне ў цэнтры Беластока выступіць калектыў з Гародні «Хабры». Калектыў дзейнічае на памежжы польскай і беларускай культур таму мае разнапланавы рэпэртуар, кажа мастацкі кіраўнік «Хабраў» Людміла Войкель

—  Гэта могуць быць такія папулярныя песні і танцы, якія ведаюць усе і ў Беларусі і ў Польшчы гэта: «Szła dzieweczka do laseczka», «Чырвоны пас», песні Гарадзеншчыны, Берасцейшчыны і вядома польскія народныя танцы і беларускія стылізаваныя танцы.

Калектыў «Хабры» стварыўся ў 1996 годзе ў Гародні. Група часта наведвае Польшчу. У час сённяшняга канцэрта выступяць таксама калектывы «Вяснянка» з Украіны і польскія «Бялка» і «Janusz Prusinowski Kompania». Пачатак канцэрта ў 17.30 на плошчы пры ратушы.

***

Карагодам фальклорных калектываў з усяго свету пачалася “Падляшская актава культур”. Міжнародны фестываль музыкі, мастацтва і фальклору праходзіць на Падляшшы ўжо дзявяты раз. На працягу тыдня ў дваццаці гарадах ваяводства выступяць групы з Беларусі, Румыніі, Вугоршчыны, Турцыі ды Кіпра.

Дзявяты фестываль “Падляшская актава культур” абвяшчаем адкрытым.

– Мы студэнцкі ансамбль, які ў гэтым годзе адзначыў свой юбілей. Вучымся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, усе на розных курсах, але ўсе граем на цымбалах.

– Наш калектыў – харавая, інструментальная і харыяграфічная група. Нашы песні – тыя, што спавялі бабулі.

– Усё тут нам падабаецца. Людзі, якія вітаюць нас, размаўляюць на беларускай мове. І гэта вельмі прыемна.

– Мне падабаецца гэтая музыка.

– Калярова, весела, розная фальклорная музыка.

– Мне падабаецца фальклор. І гэта цікава. Мы маем шмат часу, таму не сядзім дома.

У Доме культуры ў Бельску Падляшскім адбыліся канцэрты калектываў BATSÁNYI TÁNCEGYÜTTES (Вугоршчына) і ŠVIES (Літва). Мерапрыемства прайшло ў межах Міжнароднага фестывалю музыкі, мастацтва і фальклору „Падляшская актава культур”.

„Хоць і жывем у іншай краіне, але Падляшша для нас блізкае не толькі з-за геаграфічнага размяшчэння”, – кажа мастацкі кіраўнік ŠVIES Яланта Кіселітэ-Сaдаўскін:

– Гэта недалёка ад Літвы. Вельмі шмат людзей, яны цікавяцца гэтай культурай, якую прывезлі калектывы. Мне фестываль вельмі падабаецца. Я ведаю, што калектывам, якія былі ў мінулым годзе, таксама вельмі спадабалася. Фестываль вельмі высокага ўзроўню.

Галоўным арганізатарам „Падляшскай актавы культур” з’яўляецца Ваяводскі асяродак культуры. Канцэрты ў межах фестывалю будуць адбывацца ў розных раёнах Падляшша, дзе выступяць таксама выканаўцы з Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя