„Падляшскi памост культуры” абвяшчае конкурс праектаў



120 тысяч злотых чакае падляшскіх аніматараў, якія дзейнічаюць у галіне культурнай адукацыі. Ваяводскі асяродак анімацыі культуры ў Беластоку пачынае другі год праграмы “Падляшскі памост культуры”. У яе межах культурныя ўстановы, арганізацыі, а таксама прыватныя асобы змогуць атрымаць дафінансаванне ў памеры да 10-ці тысяч злотых на ініцыятывы, звязаныя з культурай і адукацыяй. Важна, каб гэта былі інавацыйныя праекты, якія зацікавяць дзяцей, кажа каардынатар конкурса Дам’ян Дворакоўскі:

– Мэтай праекту з’яўляецца падрыхтоўка маладых людзей да ўдзелу ў культурным жыцці ў сваіх мясцовых суполках. У мінулым годзе былі заняткі па фатаграфіі, музыцы, танцам, журналістыцы, якія праводзіліся  арыгінальным, прывабным для маладых удзельнікаў спосабам.

Набор праектаў пачынаецца сёння і і працягнецца да 28 траўня. На ўсе мерапрыемствы ў межах “Памосту” асяродак атрымаў 820 тысяч злотых з Нацыянальнага цэнтра культуры. У мінулым годзе на журналісцкія майстар-класы для дзяцей грошы атрымаў Гмінны асяроак культуры у Чаромсе.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток