Падляшскі ваявода Анджэй Мэер падае ў адстаўку (абноўлена)



Падляшскі ваявода Анджэй Мэер афіцыйна паведаміў, што падае ў адстаўку. Яшчэ сёння адпаведныя дакументы ён дашле прэм’ер-міністру Польшчы Эве Копач.

DSC09558

Супраць Мэера вядзецца  расследванне ў сувязі з яго дзейнасцю на ранейшай пасадзе віцэ-прэзідэнта Беластока. Таму, як паведаміў Мэер, ён не хоча, каб справа была выкарыстаная ў выбарчай кампаніі:

– Я заўсёды дзейнічаў выключна ў грамадскіх інтарэсах, у інтарэсах нашага горада і ваяводства. Жаданне прыпісаць мне іншыя намеры і дзеянні – несправядліва. Дзякую ўсіх за супрацу. Я не дазволю выкарыстаць маю асобу і маё добрае імя ў незразумелай для мяне гульні. Таму сыходжу ў адстаўку.

Мэер быў дапытаны пракурорамі ў справе дамовы аб выдзяленні аднаму з аб’яднянняў у платнае карыстанне маёмасці па вуліцы Венглёвай у Беластоку. Аб’яднанне дэкларавала ва ўмове правядзенне рамонта будынкаў за 5 мільёнаў злотых, аднак ім не ўдалося  знайсці адпаведных сродкаў. Тады замест таго, каб разарваць дамову, Мэер падоўжыў яе, і гэта галоўны закід пракуратуры, абараняе ваяводу прэзідэнт Тадэвуш Трускаляскі.

– У выпадку справы аб дамове на Венглёвай, горад не толькі нічога не страціў, але здабыў – гэта чынш, які быў сплачаны. Дзейнасць Анджэя Мэера прынесла нашаму гораду шмат карысці.

Трускаляскі паведаміў, што звернецца да прэм’ера Эвы Копач, каб тая не прымала заявы Анджэя Мэера аб адстаўцы. Да парламенцкіх выбараў, на якіх напэўна зменіцца тагачасны ваявода, засталося тры тыдні.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара

* * *

Як паведамляе прэс-служба падляшскага ваяводы, Анджэй Мэер вырашыў заўтра, 6 кастрычніка, падаць асабіста ў рукі прэм’ер-міністар Эвы Копач заяву аб сваёй адстаўцы.

Анджэй Мэер такое рашэнне прыняў у сувязі з расследаваннем, якое вядзе раённая пракуратура ў Беластоку. Следства датычыць дзеянняў, якія адбыліся за часамі ранейшай пасады – намесніка прэзідэнта горада Беластока. Анджэй Мэер быў дапытаны ў справе спыненні дамовы аб выдзяленні аднаму з аб’яднанняў у платнае карыстанне маёмасці па вуліцы Вэнглёвай у Беластоку.

Анджэй Мэер тлумачыць, што падазрэнні з’яўляюцца неабгрунтаванымі і звязаныя яны з выбарчай кампаніяй. “Я не хачу, каб гэтая справа стала падставай для палітычных гульняў, і таму падаю ў адстаўку з пасады Падляшскага ваяводы,” – прыводзіць словы Анджэя Мэера ягоная прэс-служба.

Беларускае Радыё Рацыя