Палескай чыгунцы – 130 год



У Саколі, што на Падляшшы, адсвяткавалі круглыя ўгодкі палескай чыгункі. Дакладна 130 гадоў таму адкрылася лінія Беласток – Баранавічы. У Цэнтры мясцовага прадукта ў Саколі сабраліся аматары чыгункі, турысты і жыхары вёскі, якія калісь падарожнічалі на гэтай трасе. На месца гасцей з Беластока прывезлі чыгункай, якую рэактывавалі ў ліпені пасля 15 гадоў перапынку.

Заўсёды ездзіла на поездзе, бо аўтобусаў не было тады.

– Шмат людзей ездзіла, нават стаяць даводзілася. Многія на працу ездзілі поездам.

– Я памятаю, як шмат людзей працавала з маёй вёскі на чыгунцы. Хто ў Беласток ездзіў, хто ў Валілы, хто ў Зубкі.

– Думалі, што ніхто не будзе ездзіць чыгункай. Але, як аказалася, можна цешыцца новай колькасцю жадаючых. Бо раней 50 чалавек на поезд было.

Андрэй Каспяровіч з таварыства сяброў «Саколе», ініцыятар рэактывацыі чыгуначнай лініі:

Гэты поезд пусцілі, каб не толькі ў выхадныя дні ездзіць, але і штодня, зраніцы і пасля поўдня, цягам усяго года.

У час юбілею аматары чыгуначнай справы паказалі малыя мадэлі цягнікоў, а таксама была прэзентавана кніга “130 гадоў палескай чыгункі” з успамінамі людзей, якія на яе працавалі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара