Паломніцтва з Беластоку рушыла да Святой гары Грабаркі



Каля 250 чалавек выйшла з Беластоку ў паломніцтве на Святую гару Грабарку. Гэта юбілейнае трыццатае ўжо паломніцтва на праваслаўную “Гару крыжоў”. Пілігрымы пасля малітвы ў царкве Святога прарока Іллі на Дайлідах, пачалі пяцідзённае падарожжа. Былі і такія, каторыя хадзілі ў паломніцтва і трыццаць гадоў таму.

 Анна Лапіньская:

– Гэта была першая наша пілігрымка, мы яшчэ не ведалі, як там будзе. Усе ішлі з такой надзеяй, што Гасподзь ідзе з намі. Цяпер я ўжо не іду, а ідзе мая дачка Ксенія, першы раз.

Марта Ягадун:

– Спадзяюся, што будзе файна. Будзе нагода для супольнай малітвы, для знаёмства з новымі маладымі людзьмі. Спадзяюся, што ўсё будзе ў парадку, Бог нам дасць сілы.

Арганізатарка паломніцтва Ксенія Кацэйка:

– Надвор’е спрыяе, файны, прахалодны ветрык. Трохі зменшылася тэмпература.

Удзельнікі пілігрымкі зойдуць на святую Гару Грабарку ў аўторак, напярэдадні свята Праабражэння Гасподняга. Па дарозе спыняцца ў Войшках, Бельску Падляшскім, Боцьках і Сямятычах. Арганізатарам паломніцтва з’яўляецца Брацтва праваслаўнай моладзі беластоцка-гданскай епархіі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.