Патэльня, на якой адначасна згатавалі 600 порцый ежы



У вёсцы Ліпіны, што на Падляшшы, прайшло свята бульбы «Бульбафэст». Мерапрыемства, якое ладзіць мясцовае аб’яднанне “Крыніца” ў супрацы з Гайнаўскай гмінай, сёлета памяняла сваю формулу. Арганізатары большы націск зрабілі на прамоцыю здаровага ладу жыцця, чым проста на гульню пад музыку. Вядома, як у пяці папярэдніх фэстах, былі канцэрты беларускіх калектываў ды бульбяныя стравы.

Кажа Кацярына Якубоўская з аб’яднання “Крыніца”:

У «Бульбафэсце» былі заангажаваны амаль усе жыхары Ліпінаў. Было многа асобаў з Гайнаўкі, Беластока. Кожны хоча нам дапамагчы, аддаць маленькую частку сябе. І з гэтых маленькіх частак паўстала такая вялікая імпрэза.

Галоўнай разынкай мерапрыемства была самая вялікая пленэрная патэльня ў Польшчы, на якой згатавалі 600 порцый ежы.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара