Першая ў Еўропе: палякі адзначылі Дзень Канстытуцыі



225 гадоў таму, 3 траўня 1791 года  Сейм Рэчы Паспалітай ухваліў Канстытуцыю, якую многія гісторыкі лічаць першаю ў Еўропе.

konstytucjaКанстутцыя 3 траўня. Фотарэпрадукцыя карціны Яна Матэйкі

Адзначэнне нацыянальнага свята пачалося ўрачыстай святой імшой за айчыну ў варшаўскай архікатэдры святога Яна Хрысціцеля. У ёй узяў удзел прэзідэнт Анджэй Дуда.

У першай палове дня ў Каралеўскім замку адбылася цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод. Апоўдні на Замкавай плошчы прэзідэнт выступіў з прамовай з нагоды Дня Канстытуцыі.

У другой палове дня ў садзе Прэзідэнцкага палаца галава дзяржавы сустрэўся з гасцямі, у тым ліку з дыпламатычным корпусам. Увечары на Тэатральнай плошчы адбудзецца імпрэза «Vivat maj trzeci maj».

У Палацы на Выспе, што ў парку Каралеўскія Лазенкі, выстаўлена копія Канстытуцыі 3 траўня. Пра першы ў Еўропе і другі на свеце, пасля ЗША, асноўны закон краіны, распавялі адмыслоўцы, якія патлумачылі ролю, што адыграў у яе ўхваленні кароль Станіслаў Аўгуст і яе змест.

А ў Беластоку свята адзначалася на пляцы Касцюшкі каля ратушы. Асабліва цікава было дзятве. Тут можна было пабачыць вайсковую тэхніку, пасядзець на паліцэйскім матацыкле, паглядзець на палявы вайсковы шпіталь, або нават залезьці ў БТР або танк.

Фота: Васіль Кроква

Польскае Радыё