Польшча можа скарыстацца крызісам беларускай эканомікі



«Так дрэнна яшчэ не было», — кажа пра беларускую эканоміку старшыня Прамыслова-гандлёвай палаты ў Беластоку Вітальд Карчэўскі. Ён прыгадвае, што Беларусь — гэта складаны, няпросты, але важны рынак для польскіх бізнесоўцаў. «Пры гэтым Польшча можа рэальна скарыстацца дрэнным станам беларускай эканомікі, — адзначае суразмоўца, маючы на ўвазе магчымасці інвеставання:

— Я на беларускім рынку ўжо 25 гадоў, але настолькі цяжкага фінансавага становішча я ў Беларусі не памятаю. Папросту няма жывых грошай. Ім трэба паказаць Еўразвязу іншае аблічча Беларусі. Там патрэбныя сродкі: крэдыты. Калі Беларусь не атрымае тых крэдытаў сітуацыя будзе цяжкай, краіна не будзе развівацца. У сувязі з гэтым Польшчы павінна cкарыстаць гэта.  

Таксама выгадным з’яўляецца геаграфічнае суседства краінаў, у плане лагістыкі Беларусь – гэта ідэальны партнёр, дадае Вітальд Карчэўскі. На яго думку, ажыўленню гаспадарчых кантактаў можа паспрыяць палітычны клімат. Маецца на ўвазе візіт у Беларусь міністра замежных спраў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага ў канцы сакавіка.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя