Польскі ўрад абяцае танныя кватэры



Перавага на атрыманне жылля будзе аддавацца сем’ям з дзецьмі і парам, якія чакаюць дзяцей.

12 кастрычніка адбылося падпісанне лістоў намераў паміж дзяржаўным фондам BGK Nieruchomości з сямнаццацю муніцыпалітэтамі. У наступным годзе павінна пачацца будаўніцтва, а напрыканцы 2018 павінны быць гатовыя кватэры ў рамках праграмы „Кватэра+”. Плануецца іх здаць некалькі тысяч.

У першую чаргу гэта будуць Катавіцэ, Познань, Валбжых, Бяла Падляска, а таксама ў невялікіх гарадках як, напрыклад, падваршаўская Кабылка.

Муніцыпалітэт дае ўчастак, а фонд BGK – фінансаванне, – сказаў намеснік старшыні фонду BGK Nieruchomości Уладзімеж Стасяк.

Такім чынам на таннай, але з добрай інфраструктурай зямлі паўстануць недарагія кватэры. Паводле Стасяка, кошт будаўніцтва павінен укласціся ў 1950 злотых (прыблізна 490 еўра) за адзін квадратны метр плюс кошт зямлі. У выніку аплата ў гэтых кватэрах павінна складаць не больш за 24 злотыя (6 еўра) за квадратны метр у месяц.

Паколькі праграма „Кватэра+” з’яўляецца элементам дэмаграфічнай палітыкі ўраду, то перавага на атрыманне жылля будзе аддавацца сем’ям з дзецьмі і парам, якія чакаюць дзяцей.

radyjo.net