Польскія мытнікі выявілі рэкордную кантрабанду



Гэта была рэкордная кантрабанда цыгарэтаў,  якую выявілі польскія мытнікі за апошнія некалькі гадоў. 450 тысяч пачак цыгарэтаў і беларускага кіроўцу затрымалі на польска-літоўскай мяжы.

Sluzba_Celna_16.01.16.3

Вартасць нелегальнага тавару – 5,5 мільёна злотых. Як сказаў прэс-сакратар мытнай службы ў Беластку Мацей Чарнэцкі, трыццацівасьмі гадовы беларус тлумачыў,  што перавозіць груз паперы:

– Польскія мытнікі  затрымалі грузавік з беларускімі нумарамі. Кіроўца сцвярджаў, што перавозіць груз паперы. Тое ж вынікала і з прадстаўленых мытнікам папераў. Аднак было вырашана праверыць груз, і аўтамабіль прасвяцілі рэнтгенам і правялі аглад. Аказалася, што замест паперы там знаходзяцца цыгарэты без акцызаў.

Цяпер мытнікі правяраюць адкуль паходзілі нелегальныя цыгарэты і дзе фактычна мелі патрапіць. Беларусу – кіроўцы фуры пагражае нават дзесяць гадоў пазбаўлення волі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара