Пра малы памежны рух – акцыя ў Тарэспалі



Каля польска-беларускага пункта пропуска Тарэспаль – Берасце (Варшаўскі мост) прайшла акцыя па інфармаванні грамадзян Беларусі пра магчымасці малога памежнага руху.

maly_pamezny_ruch

Як адзначае Алесь Зарэмбюк з Беларускага дома ў Варшаве, адзін з арганізатараў акцыі, у Тарэспалі ёсць свая асаблівасць: тут шмат грамадзян Расеі, а таксама шмат беларусаў з рэгіёнаў, якія не адносяцца да памежных. Аднак таксама шмат і жыхароў Берасцейшчыны і самаго Берасця, на якіх якраз і скіраваная інфармацыйная акцыя:

У выпадку ратыфікацыі пагаднення пра малы памежны рух паміж Беларуссю і Польшчай беларускім бокам, усе берасцейцы змогуць спакойна ездзіць сабе ў Белую Падляшскую па пакупкі, ездзіць у госці або на могілкі, без неабходнасці атрымання візаў. Таксама мы наведалі чыгуначны вакзал у Тарэспалі, там многа людзей з Беларусі, якія едуць электрычкай, размаўлялі таксама з імі.

Удзельнікі наведвалі таксама гандлёвыя цэнтры і кавярні, раздавалі ўлёткі і размаўлялі з беларусамі. Прадстаўнік альянсу “Грамадзянская Гарадзеншчына” Васіль Клімовіч лічыць, што падобныя ініцыятывы вельмі карысныя:

Канешне, я бачу карысці, хоць і не адразу яны будуць. Але чым больш людзей будзе ведаць пра гэта, тым больш гэтае пытанне будзе „падымацца ўверх”, людзі будуць пра гэта казаць, абмяркоўваць. Я думаю, што праз гэта мы дастучымся да нашага кіраўніцтва, і яны задумаюцца над тым, што людзям гэта патрэбна. Увогуле, людзі, якія раней не ведалі нічога пра малы памежны рух, успрымалі інфармацыю вельмі радасна, казалі, што гэта добра. Тыя ж, якія ўжо ведалі пра гэта, былі больш скептычнымі, казалі, што гэтае пагадненне даўно падпісалі, што гэтага ніколі, напэўна, не будзе, яны ўжо згубілі надзею.

Алесь Зарэмбюк:

Людзі сумняюцца, што гэта будзе працаваць, многія кажуць, што ад нас нічога не залежыць. Былі і такія, якія пыталі, а што нам рабіць. Мы адказвалі, што, калі ласка, напішыце ліст свайму дэпутату, напішыце ліст у райвыканкам, або пацікаўцеся, на якім этапе рэалізацыі знаходзіцца гэтае пагадненне пра малы памежны рух. Мы давалі свае кантакты і расказвалі, што можам аказаць юрыдычную дапамогу, то бок выслаць узор такога ліста.

Акцыя працягнулася на памежным пераходзе Кукурыкі-Казловічы. Таксама яе ўдзельнікі наведалі гандлёвы цэнтр у Белай Падляшскай. Раней падобнае інфармаванне грамадзян Беларусі пра магчымасці малога памежнага руху праходзіла на памежных пераходах у Баброўніках і Кузніцы, а таксама на пеша-роварных пераходзе ў Белавежы. Сярод арганізатараў – Беларускі Дом у Варшаве, берасцейскае грамадскае аб’яднанне “Дзедіч” і альянс “Грамадзянская Гарадзеншчына”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксандры Зарэмбюк