Пра што расказваюць манідлы?



Можа гэтыя карціны не прадстаўляюць высокага мастацтва, але для іх уласнікаў маюць вялікую сентыментальную вартасць.

SAM_2772

У Нараўцы паказалі старыя шлюбныя карціны – гэтак званыя манідлы. Каля 50-ці карцінаў з цэлай гміны склалі выстаўку, якая працуе ў галерэй імя Тамары Саланевіч.

Манідла малявалі вандроўныя мастакі, перадусім, на аснове пашпартных здымкаў, таму не заўсёды вынік задавальняў маладых. На працягу гадоў тэхніка малявання манідлаў змянялася, кажа арганізатарка выставы Аляксандра Зданоўская-Місіюк:

– Відаць, што некаторыя з іх вельмі старыя, бо выкарыстоўваецца іншая тэхніка выканання – яны чорна-белыя, не так аздобленыя, як выкананыя ў 50-х гадах, якія мелі і чырвоныя вусны і блакітныя вочы, якія адмыслова падфарбоўвалі мастакі. На жаль, няма ў жывых гэтых людзей, складана здабыць інфармацыю, хто іх маляваў і калі.

Выстаўку манідлаў арганізавала Таварыства сяброў нараўчанскай зямлі, Таварыства Сторчык і мясцовы асяродак культуры. Яна працуе да 25 кастрычніка ў галерэі імя Тамары Саланевіч.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Нараўка

Фота аўтара