Праблемы беларуска-польскага памежжа не вырашаюцца



Апошнім часам стала актуальнай праблема даезду з Гародні ў Беласток і ў адваротным кірунку. Асабліва для тых, хто раней карыстаўся цягніком, а цяпер даводзіцца загадзя падумаць пра квіткі на маршрутныя аўтобусы. Таксама пакуль няма шанцаў на ўвядзенне спрошчанага парадку перасячэння беларуска-польскай мяжы. Сітуацыю каментуе гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў:

– Не толькі беларускія ўлады не спяшаюцца ўводзіць малы памежны рух, але ўсё цяжэй і цяжэй становіцца. І не толькі цягнікі тут вінаватыя, якія па нейкай прычыне перасталі хадзіць. Я ўжо ад многіх людзей чуў: чаму ў Еўропу столькі людзей едзе без пашпартоў, без нічога, а для нас уводзяць нейкія адбіткі, хоць ніводны з беларусаў нікога і ніколі не ўзрываў. Усё цяжэй і цяжэй беларусу атрымаць гэтую візу.

Прадстаўніца Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада з Берасця Ганна Канюс кажа, што гэтыя ж праблемы актуальныя і для берасцейскага рэгіёна:

– Я з акна свайго дома бачу праз раку Тэрэспаль. І для нас, для Берасця, гэта вялікая праблема. Бо, каб перайсці праз раку, трэба мець візу, кошт якой 60 еўра. І гэта толькі на транспарце. Няма спрошчанага пераходу. Няма пешага пераходу праз мяжу. І роварам нельга, можна толькі ў пушчы. І гэтая праблема доўжыцца ў нас не 10 і не 15 гадоў.

Прыгадаем, што дамова пра спрошчаны парадак перасячэння мяжы цяпер дзейнічае толькі паміж Беларуссю і Латвіяй. Хоць у планах было ўвядзенне малога памежнага руху таксама з Літвой і Польшчай. З бязвізавага руху маглі б карыстацца жыхары памежных рэгіёнаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота obozrevatel.com