На Падляшшы прайшоў конкурс па беларускай мове сярод гімназістаў



90 хвілін мелі ўдзельнікі Ваяводскага прадметнага конкурсу па беларускай мове для гімназістаў на ваяводскім узроўні, каб справіцца з 13 пытаннямі па беларускай літаратуры ды граматыцы.

“Гэта ўсё былі адкрытыя заданні,” – кажа старшыня конкурснай камісіі Яўгенія Таранта:

– На падставе верша былі заданні, а таксама на падставе прозы. Трэба было ўпарадкаваць план паводле часткі “Новай зямлі”, перакласці з беларускай мовы на польскую. Займеннікі ў адпаведнай форме паставіць, з колькасных лічэбнікаў зрабіць парадкавыя. Растлумачыць фразеалагізмы і знайсці сінонімы.

Усяго можна было атрымаць 75 балаў. Каб стаць лаўрэатам трэба было набраць прынамсі 68. У апошнім этапе конкурсу ўдзел прынялі 26-ць гімназістаў з васьмі падляшскіх гімназіяў. Ваяводскі прадметны конкурс па беларускай мове прайшоў у ІІ Агульнаадукацыйным ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім. Арганізатарам конкурсу выступае Кураторыюм асветы ў Беластоку.

 

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара