Праходжанне Меркурыя па дыску Сонца



Сёння, 9 траўня, адбываецца рэдкая астранамічная з’ява – праходжанне Меркурыя па дыску Сонца. Гэта адно з галоўных астранамічных падзей 2016 года. Астраномы чакалі яго дзесяць гадоў, бо папярэдняе праходжанне адбылося 8 лістапада 2006 года. Фактычна гэта так званы астранамічны транзіт – падзея, пры якой Меркурый рухаецца дакладна паміж Сонцам і нашай планетай. З Зямлі ён бачны як маленькая чорная кропка, якая павольна перамяшчаецца па дыску Сонца.

Хоць праходжанне Меркурыя даволі рэдкая з’ява, але ўсё ж яно здараецца куды часцей, чым праходжанне па дыску Сонца Венеры. Дарэчы, і Меркурый, і Венера належаць да так званых унутраных планет. Гэта планеты, арбіты якіх размяшчаюцца ўнутры арбіты Зямлі.

Перыядычна адна з унутраных планет аказваецца разам з Зямлёй па адзін бок ад Сонца, і назіральнік можа ўбачыць яе на фоне сонечнага дыска. Але Меркурый размешчаны бліжэй да Сонца, і па гэтай прычыне яго транзіт назіраецца часцей.

У выпадку Меркурыя існуюць так званыя травеньскія і лістападаўскія транзіты. Вясновыя транзіты здараюцца радзей. У мінулы раз Меркурый праходзіў па дыску Сонца вясной 2003 года, а ў наступны раз будзе гэта рабіць праз 33 гады, у 2049 годзе. Але бліжэйшы лістападаўскі транзіт здарыцца значна раней – 11 лістапада 2019 года.

У Беластоку назіранне за гэтай астранамічнай з’явай арганізавала Польскае таварыства аматараў астраноміі, сябры якога наладзілі групавыя агляданні на пляцы Касцюшкі.

DSC03515

DSC03513

DSC03514

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Васіль Кроква