Праваслаўныя ўшаноўваюць памяць святога прарока Іллі (абноўлена)



2-га жніўня Царква ўшаноўвае памяць святога прарока Іллі – аднаго з самых шанаваных святых Старога Запавету. Ілля не паміраў, і ён вернецца для пропаведзі ў канцы часоў.

img_1613

Імя прарока Іллі перакладаецца як «Бог мой Яхвэ». Прарок жыў у 9 стагоддзі да н.э. у гады кіравання цара Ахава – гэта быў перыяд аднаўлення паганства ў выглядзе культу Ваала і Астарты. Дзякуючы шматлікім цудам Ілля абараніў веру ў адзінага Бога.

Паводле Бібліі, у якасці другога пасля Эноха ён быў жывы ўзяты на неба і мусіць вярнуцца на зямлю, каб памерці натуральнай смерцю.

***

У многіх праваслаўных храмах Беласточчыны на гэты дзень прыпадае вялікае прыхадское свята. Такім месцам з’яўляецца царква св. Іллі ў Падбеллі (што на Бельшчыне), якая сабрала вялікаю колькасць вернікаў з мясцовасцей, што знаходзяцца на тэрыторыі прыхода, а таксама з іншых раёнаў Беласточчыны. Кажа вікарый з прыхода св. Іллі ў Падбеллі, айцец Марэк Якім’юк:

— Мы заўсёды молімся да парока Іллі за добрае надвор’е, каб было тое, што павінна быць. Мы павінны ў Гасподні дзень увесь дзень пра яго думаць, маліцца і прарок Ілля паказваецца нам гэткім бастыёнам веры. У сённяшні час ён заклікае нас: помніце і не будзьце паганцамі, не пакланяйцеся паганскаму богу, не скачыце навокал яго. Я цяпер кажу у пераносным сэнсе, бо мы скачам вакол грошай, вакол багацця.

«Мы не можам забываць што самай важнай з’яўляецца духоўная сфера нашага жыцця, молячыся Іллі мы дбаем пра яе», — дадае айцец Марэк Якім’юк. Вернікі ў дзень свята не працуюць на полі, затое моляцца ў час засухі за дождж, а калі дождж часта падае, за шчаслівае завяршэнне жніва.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя