Прэзідэнт Беластока змагаецца за свой заробак



Спрэчкі вакол заробку прэзідэнта Беластока. Летась у кастрычніку Рада горада пастанавіла зменшыць заробак прэзідэнта Тадэвуша Трускаляскага. Апошні абвінавачвае радных у тым, што яны дыскрымінуюць яго па палітычных матывах. 

На думку прэзідэнта Трускаляскага, адзіная яго правіна палягае ў тым, што ён прадстаўляе іншыя палітычныя погляды, чым большасць радных:

– Гэтае рашэнне – палітычнае, яно не падмацаванае ніякімі доказамі, а калі факты і былі, то толькі выбарачныя, выцягнутыя толькі для таго, каб дэскрыдытаваць працу прэзідэнта горада.

Паводле раднага Марка Хайноўскага, які прадстаўляе падчас працэсу бок Рады горада, рашэнне пра змяншэнне заробку прэзідэнта Беластока не мела палітычных падставаў:

– Не хапае  інвестыцый для горада, не рэалізаваны бюджэт, які мог бы зрабіць наш горад лепшым.

Летась у кастрычніку радныя зменшылі заробак прэзідэнта з 13 –  да 9 тысяч злотых. Працэс працягнецца ў красавіку, калі запланаваныя допыты сведак.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара