Прынятая Дэкларацыя памяці і салідарнасці



Вярхоўная Рада Украіны прыняла сумесную з парламентамі Польшчы і Літвы Дэкларацыю памяці і салідарнасці, у якой асудзіла спробы Нямеччыны і СССР знішчыць незалежнасць гэтых краін.

Тэкст дэкларацыі перад яе прыняццём зачытаў спікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій.

“Мы звяртаем увагу на тым, што пакт Рыбентропа-Молатава ад 23 жніўня 1939 г. які быў падпісаны двума таталітарнымі рэжымамі – камуністычным Савецкім Саюзам і нацысцкай Нямеччынай, спрычыніўся да выбуху 1 верасня Другой Сусветнай вайны, да якой 17 верасня далучыўся і Савецкі Саюз. Наступствамі гэтых падзеяў стала акупацыя Польшчы Нямеччынай і Савецкім Саюзам, а ў 1940 г. – савецкая акупацыя Літвы, Латвіі і Эстоніі”, – гаворыцца ў Дэкларацыі.

У Дэкларацыі таксама акцэнтуецца ўвага і на выніках Ялцінскай канферэнцыі, якая легалізавала тэратарыяльныя змены Украіны 1939 г. і тым самым зафіксавала цяперашнія заходнія межы Украіны.

Звяртае на сябе ўвагу, што ў сумеснай дэкларацыі Вярхоўнай Рады Украіны, а таксама парламентаў Польшчы і Літвы, няма згадак пра Беларусь, якой пакт Рыбентропа-Молатава тычыцца не менш, чым гэтых краін.

За прыняццё Дэкларацыі памяці і салідарнасці прагаласавала 243 дэпутаты Вярхоўнай рады пры мінімальна неабходных 226.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ukrinform.ru