Прызначаны новы намеснік прэзідэнта Беластока



Новым віцэ-прэзідэнтам стаў Пжэмыслаў Тухліньскі, які да гэтай пары быў дарадчыкам Трускаляскага. Прызначэнне Тухліньскага звязанае з перадвыбаргчым альянсам асяроддзя прэзідэнта з партыяй „Новочэснай”. З гэтай нагоды на ўрачыстасці быў між іншым старшыня партыі Рышард Пэтру. Намінацыю можна назваць неспадзяванкай. Ужо раней многія палітычныя назіральнікі лічылі, што асяроддзе беластоцкіх меншасцяў павінна мець свайго прадстаўніка ў магістраце. Паводле прэзідэнта Тадэвуша Трускаляскага, прызначэнне прадстаўніка Форума падляшскіх меншасцяў было немагчымае з увагі на палітычныя дамовы.

– Мы дэкларуем добрую супрацу з асяродкамі – і з беларускай меншасцю, і з праваслаўнай. Форум мае падпісаную дамову з грамадзянскай платформай. Калі б я гэта зрабіў без кансультацый, гэта трактавалася б як спроба прысвоіць сабе гэты асяродак.

Пжэмыслаў Тухліньскі будзе адказваць за справы, звязаныя з грамадскімі кансультацыямі і супрацу з пазаўрадавымі арганізацыямі. Будзе таксама наглядаць дэпартаменты гэадэзіі, аховы асяроддзя і Гарадскую ахову.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота скрыншот з відэа