Рамуальд Райс (Буры) – з пункту гледжання палякаў і беларусаў



„Паміж памяццю і гісторыяй. Канфлікт памяці палякаў і беларусаў на прыкладзе Рамуальда Райса (Буры)”. Сустрэча з аўтаркай кніжкі пройдзе 28 кастрычніка ў Тэатры Лялек ў Беластоку у 18 гадзінаў. Праца прадстаўляе асобу Рамуальда Райса (Бурага) з пункту гледжання палякаў і беларусаў.

Гаворыць аўтарка кнігі Анна Мороз:

– Тут гучыць такая думка, што беларусы хочуць гераічную легенду Бурага знішчыць, і наадварот, палякі хочуць гэтую легенду падняць угору. Канфлікт прытухае, прытухае, але з часам штосьці адбываецца, і гэты канфлікт адраджаецца. Маем такія дачыненні ў Польшчы з правымі рухамі і бачым, што гэты канфлікт зноў актуальны. Думаю, бракуе такой сур’ёзнай дыскусіі.

Існуе розніца ў ацэнках дзейнасці Рамуальда Райса, камандзіра 5-й віленскай брыгады. Для адных Буры – злачынца, адказны за пацыфікацыю беларускіх вёсак на Беласточчыне і забойствы прынамсі 80 цывільных жыхароў тых вёсак. Для іншых – герой, які змагаўся з камуністычнай сістэмай. Ініцыятарам і арганізатарам сустрэчы ў Тэатры Ляляк з’яўляецца партыя „Разам”. Кніга „Паміж памяццю і гісторыяй. Канфлікт памяці палякаў і беларусаў” выйшла ў гэтым годзе ў выдавецтве Інстытута нацыянальнай памяці ў Варшаве.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя