Расейскі дыпламат нарэшце спаткаўся з палоннымі вайскоўцамі



Дыпламат з расейская амбасады ў Кіеве нарэшце наведаў у шпіталі Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава. Гэтыя расейскія спецназаўцы былі паланёныя пад Луганскам. Украінскія ўлады інкрымінуюць ім тэрарызм. Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Сустрэча загадчыка консульскага аддзела расейскай амбасады Аляксея Грубага з суайчыннікамі адбылася толькі на дзявяты дзень пасля таго, як тыя патрапілі ў палон да ўкраінцаў.

Спачатку крамлёўскія ўлады практычна адмовіліся ад сваіх грамадзянаў, заявіўшы, што гэта нібыта “апалчэнцы ЛНР”. Пасля таго, як капітан Яўген Ерафееў і сяржант Аляксандр Аляксандраў вызналі, што з’яўляюцца дзейснымі расейскімі вайскоўцамі, у Крамлі змянілі пазіцыю і паабяцалі паспрыяць іх вызваленню. Па расейскіх тэлеканалах прагучалі абвінавачванні ўкраінскіх уладаў у нялюдскіх катаваннях, але праваабаронцы з “Міжнароднай амністыі” абвінавачванні абверглі. У нядзелю расейскія дыпламаты адмовіліся наведаць суайчыннікаў, спаслаўшыся на выходныя.

Пасля візіту да палонных вайскоўцаў расейскі дыпламат спрабаваў уцячы ад журналістаў праз чорны ўваход, але ўсё ж быў змушаны пракаментаваць сустрэчу. “Яны жывыя і суадносна здаровыя – і гэта ўжо добра”, — канстатаваў Аляксей Грубы.

Расейскія дыпламаты абяцаюць, што цяпер сустрэчы з палоннымі будуць адбывацца часцей.

Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота news.bigmir.net