Расейскія дыпламаты ва Украіне зноў у цэнтры скандалу



Непадалёк ад Кіева здарыўся дарожна-транспартны выпадак, героем якога стаў аташэ расейскай амбасады Віктар Рышнікаў.

Аўтамабіль Toyota Camry, якім кіраваў расейскі дыпламат, на вялікай хуткасці пратараніў адбойнік на шашы. Калі на месца здарэння прыбылі паліцыянты, прадстаўнік расейскай амбасады павёў сябе неадэкватна.

Украінскія праваахоўнікі сцвярджаюць, што расейскі дыпламат быў у нецвярозым стане. Убачыўшы патрульную машыну ён зачыніўся ў аўтамабілі і катэгарычна адмовіўся адтуль выходзіць. Прапанову прайсці экспрэс-тэст на алкаголь мужчына таксама адхіліў.

Дыпламатычны імунітэт расейскага дыпламата не дазволіў скласці на яго пратакол. Але ўкраінскія праваахоўнікі склалі пратакол допыту сведак, якія пацвердзілі, што візуальна расеец выглядае на нецвярозага.

Праз нейкі час на месца здарэння прыбылі прадстаўнікі расейскай амбасады, якія і забралі Віктара Рышнікава з сабой. Разбіты аўтамабіль адправілі на штрафную пляцоўку. Неўзабаве мае адбыцца суд. Судзіць расейскага дыпламата будуць паводле ўкраінскага заканадаўства.

Прадстаўнікі расейскай амбасады ва Украіне сцвярджаюць, што іх калега быў цвярозы. Але ж відэа, апублікаванае Міністэрствам унутраных спраў Украіны, сведчыць пра адваротнае.

 

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота і відэа: МУС Украіны.