Рэгіянальныя праваабаронцы “Вясны” вывучалі ўкраінскі досвед



Цягам амаль тыдня рэгіянальныя актывісты праваабарончага цэнтру “Вясна” ажыццяўлялі адукацыйны візіт ва ўкраінскі Харкаў. Беларускія праваабаронцы з пяці гарадоў разам з украінскімі калегамі спярша ўдзельнічалі ў семінары  „Правы людзей з інваліднасцю і метады адвакацыі”. Сярод больш чым двух дзясяткаў удзельнікаў былі прадстаўнікі харкаўскіх недзяржаўных арганізацый „Грамадзянская альтэрнатыва”, „Права на захіст”, ФРІ і іншых, чаркаскай „Моладзі Чаркашчыны”), прадстаўнікі Праваабарончага цэнтра “Вясна” з Маладэчна, Мазыра, Наваполацку, Гародні, Светлагорску. Трэнеры Марыя Есяноўская і Ігар Шрамко азнаёмілі ўдзельнікаў з метадамі і спецыфікай правядзення адвакацыйных кампаній па абароне правоў людзей з інваліднасцю. Грунтоўна абмяркоўваліся заканадаўчыя аспекты і акалічнасці безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў вазочнікаў, для невідушчых людзей.

Цягам наступных дзён беларускія праваабаронцы сустракаліся ў офісах недзяржаўных харкаўскіх арганізацый, пераважна экалагічнага кірунку, з прадстаўнікамі вядомых украінскіх НДА – такіх як Усеўкраінская экалагічная ліга, ЭкаПрава, “Мама 1986” і іншымі. Беларусы цікавіліся абаронай правоў у гэтай галіне, а таксама дзяліліся сваім бачаннем праблемаў. Вынікам візіту стаў абмен кантактамі і планаванне далейшай супрацы.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя