Спевы, бабка ды пяршак: варшавянаў далучылі да беларускай культуры



У польскай сталіцы прайшоў фэст пад назвай “Варшаўская мазаіка”. Прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Малдовы ды Казахстана прадставілі сваю нацыянальную кухню, а таксама вырабы народнай творчасці.

2016-09-25_zavalnia_mozaika_warszawska_fota-2

Ініцыятарка мерапрыемства Марыя Глухава зазначыла, што па падтрымку звярталася да Амбасадаў розных краін, а ў выпадку Беларусі арганізатарам стаў Беларускі Дом.

– Мэтай амбасады ёсць рэклама сваёй краіны. Таму вырашыла звярнуцца да яе. А пасля амбасада накіравала мяне ці да рэстарацыі, ці да Саюза моладзі. У мяне ёсць свае кантакты ў Беларускім Доме. Яны больш пазітыўныя ў плане таго, каб рабіць штосьці падобнае. Як называюць Беларускі Дом? Незалежнай амбасадай Беларусі. Таму мне гэтага хапіла. Вельмі задаволеная вынікамі. Бачу, што яны добрыя.

Цягам некалькіх гадзін да павільёнаў падыходзіла мноства палякаў, якія, сярод іншага, маглі скаштаваць нацыянальныя стравы, набыць сувеніры ды паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе лялек.

– Я паляк, але маю ўсходнія карані. Вельмі падабаецца гэтая цудоўная імпрэза. Так трымаць далей! Выдатна! Праз страўнік – да сэрца.

– Шмат розных цікавостак. Тым больш дзіця ў школе мае падобныя дні культуры, знаходзім тут шмат інфармацыі.

– Вельмі добрая вегетарыянская бабка. Спадабаліся і казахскія танцы.

– Я калісьці на экскурсіі была ў Баку і зараз з прыемнасцю гляджу на прадстаўленне Азербайджана ў межах гэтага фэсту.

Таксама на фэсце “Варшаўская мазаіка” можна было ўбачыць нацыянальныя танцы, а галоўным пунктам музычнай праграмы стаў выступ беларускага фольк-гурта “Рада”.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара