Старшыня БАС Ганна Пякарская пра „Басовішча-2015″



У нашай рэдакцыі пабывала старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў  Ганна Пякарская.

1907558_552543221515643_1659699085734708729_n

Ганна ПякарскаяРР: Чакалася, што ўдасца вырашыць асноўную праблему, пра якую гаварылі апошнія гады – гэта праблема візаў, але гэтага зрабіць, на жаль, не ўдалося.

Ганна Пякарская: Для нас самае галоўнае – гэта візавая падтрымка для гуртоў таму, што калі гурты не атрымаюць, то фестываль „Басовішча” не будзе такім, якім мы б хацелі. Візавая падтрымка для людзей – гэта складаная для нас тэма, як для арганізатараў, і для людзей, якія хочуць прыехаць. Як вы сказалі – гэта не да канца наша віна, таму што мы пачалі яшчэ ўзімку працаваць над візамі. У Гародні візы атрымалі ўсе людзі, якія падалі свае дакументы. Над сітуацыяй у Берасці ўвесь час працуем, увесь час тэлефануем і маем надзею, што нешта вырашыцца. Людзі, якія хацелі атрымаць візу ў Менску, павінны былі скантактавацца з каардынатарам спадаром Каспяровічам, усе атрымалі эмэйл на гэтую тэму, і падаць свае дакументы праз яго.

РР: Ёсць спадзяванне, што прынамсі частка грамадзян Беларусі змогуць на гэты беларускі фестываль, які традыцыйна праводзіцца на Беласточчыне.

Ганна Пякарская: Маем інфармацыю ад спадара Каспяровіча, што сёння яму падало дакументы толькі 30 асобаў. Я ведаю, што інфармацыя пайшла ў апошнюю  хвіліну, мабыць шмат хто проста не паспеў перадаць гэтыя дакументы, таму вядуцца перамовы, каб яшчэ ў панядзелак падаць гэтыя дакументы. Будзем інфармаваць увесь час, але тыя, хто падаў свае дакументы, яны дакладна атрымаюць візы і мы сустрэнемся ва ўрочышчы Барык.

РР: Ва ўрочышчы Барык мы сустрэнемся з беларускімі музыкамі, з польскімі, а таксама беларускімі музыкамі з Польшчы.

Ганна Пякарская: Як кожны год мы запрасілі ў гэтым годзе прадстаўнікоў беларусаў Падляшша, у гэтым годзе гэта будзе „Ilo & Friends”, а таксама „Ostrov”. „Ostrov” – гэта новы гурт, вакаліста якога ўсе на Падляшшы добра ведаюць Андрэя Паплаўскага. Мы яго вельмі чакаем, каб сустрэць у новым выглядзе. Таксама будуць два польскія гурты з Польшчы „Lao Che” і „MMD”. Большасць праграмы, як кожны год – гэта беларускія гурты Лявон Вольскі, „Akute”, „Relikt”, „Pomidor/OFF”, „Дзецюкі”, „SP Kava”, ды „BRUTTO” Сяргея Міхалка, а таксама многія іншыя.

РР: Пасля юбілейнага года вяртаецца конкурсная частка.

Ганна Пякарская: Вяртаецца, бо мы вырашылі, што патрабуем і шукаем новай музыкі. Патрабуем новых хэдлайнераў, патрабуем новых зорак на ўзроўні „N.R.M.”, „ULIS”, „Нейра Дзюбель” ці „:B:N”: і „Q48″, якія раслі разам фестывалем. Мы вырашылі запрасіць новыя маладыя гурты ў конкурс, выбраць самы лепшы і пачаць працаваць супольна з імі, а таксама запрашаць іх на канцэрт у Польшы, не толькі на Басовішча.

РР: Хто прыязджае на конкурсную частку?

Ганна Пякарская: На конкурсную частку прыязджаюць гурты „TonqiXod”, „Executor”, „BY CRY”, „Navi”. „Navi” будзе таму, што гурт „Naka” адмовіўся ад выступу. Наступны ў чарзе быў гурт „Спіною да сонца: вышэй да зоры”, з якім мы, на жаль, не паспелі атрымаць віз. Наступны ў чарзе быў гурт „Navi”, таму трапяць як раз яны, як чацвёртыя па ліку.

РР: Ведаю па папярэдніх гадах, што цяпер пачнецца самая цяжкая для вас праца ў самім Барыку. Ці патрабуеце нейкіх валанцёраў?

Ганна Пякарская: Мы арганізацыйна ўжо амаль усё закрылі, апошняя тэма, якая застаецца – гэта вырашэнне візавых пытанняў. Спадзяемся, што закрыем яе вельмі хутка, і тады ўжо з’язджаем у Барык. Патрабуем мужчын, бо нас сапраўды чакае вельмі шмат фізічнай працы ў гэтым годзе. Падавайце свае заяўкі на адрас [email protected]. Плануем шмат цікавых рэчаў у гэтым годзе, сярод якіх будзе зона „БАСмежжа”, у якой можна будзе паесці, можна будзе купіць кашулькі з symbal.by. Можна будзе паглядзець фільмы, паглядзець мульцікі ды шмат іншых цікавых рэчаў. Будзе вельмі шмат працы, каб усё падрыхтаваць, бо праца на тэрыторыі фестывалю вельмі цяжкая. Калі да гэтага дадаецца яшчэ адна зона, то працы робіцца нашмат больш.

Як заўсёды дыджэйскія сэты будуць закрываць і першы і другі дзень „Басовішча”. Акрамя гэтага будзем паказваць на „БАСмежжы” фільмы. Першы фільм і хіба ўпершыню на „Басовішчы” будзе паказаны „Шрэк” па-беларуску. Таксама будзем паказваць дакументальныя фільмы „Made in BY”. Ад заўтрашняга дня можаце сачыць за нашымі навінамі на нашым сайце basowiszcza.org, а таксама ў Фэйсбуку facebook.com/Basowiszcza.

Дадатковую інфармацыя датычную „Басовішча-2015″ можна знайсці на адмысловай старонцы на нашым сайце, а таксама ў сацыяльных сетках Беларускага Радыё Рацыя.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя