Пачаліся ХХХVII Дні Бельска-Падляшскага



Падзея пачалася пад бельскай ратушай з цырымоніі ўручэння моладзі ключоў ад брамы горада бургамістрам Яраславам Бароўскім. Потым сабраныя жыхары падаліся ў напрамку Бельскага дома культуры, дзе адбыліся мастацкія прэзентацыі пачатковых школ і гімназіі, прымеркаваныя да году ў гонар польскага пісьменніка, Генрыка Сянкевіча. На сцэне можна было ўбачыць спектаклі ў выкананні моладзі з Бельска-Падляшскага, а таксама паглядзець працы зробленыя дзеткамі з пачатковых школаў, на тэму рамана Генрыка Сянкевіча «У пустыні і ў пушчы». Чым у штодзённым жыцці жыхароў гэтага горада з’яўляюцца Дні Бельска-Падляшскага? На гэтае пытанне адказалі нашаму радыё гімназісты з Комплексу школ №3:

— Яны прыгадваюць нам пра наш горад, мы можам убачыць людзей, якія тут жывуць, што яны робяць і ўсвядоміць, што мы ствараем гэты горад.

— Я вельмі люблю гэты час, бо я магу выйсці з маімі сяброўкамі патанцаваць, пагуляць.

— Вельмі добра, што ёсць дні нашага горада, дзе моладзь выступаць і радавацца. Да таго ж сёння 1 чэрвеня — Дзень дзіцяці.

Апрача мастацкіх прэзентацый бельскіх школаў прайшоў забег пад назвай «Бельск часоў Генрыка Сянкевіча». У планах між іншымі майстар-класы па вырабу веленевай паперы ды спартыўныя мерапрыемствы: матч бельскай футбольнай каманды «Tur Bielsk Podlaski», а таксама турнір па скоках у ваду ў гарадскім басейне.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

****

З нагоды Дзен Бельска-Падляшскага запланавана шмат культурных, спартыўных ды адукацыйных падзеяў, якія будуць працягвацца з 1 па 5 чэрвеня. 1 чэрвеня, ужо традыцыйна, Дні горада пачнуцца з перадачы моладзі ключоў ад брам горада бургамістрам Яраславам Бароўскім.

22dni2

У час Дзён Бельска-Падляшскага будуць і беларускія  акцэнты. «Завітаюць да нас мастачкі з Кобрыньскага каледжа мастацтваў, якія пастараюцца перадаць сакрэты свайго майстэрства», – кажа Альжбета Фіёнік з Бельскага дома культуры – арганізатара ХХХVII дзён Бельска-Падляшскага:

– Адбудуцца майстар-класы пад кіраўніцтвам кобрыньскіх мастачак. У суботу 2-га чэрвеня на галоўнай пляцоўцы Бельска пройдуць выступленні дзвюх акрбатычных груп, якія прыедуць з Кобрыня. Акрамя таго, удзельнікі з Беларусі будуць змагацца ў конкурсе “Падляшская нота”.  

Падчас ХХХVII Дзён Бельска-Падляшскага адбудзецца  таксама Ягелонскі кірмаш, у час якога свае вырабы будуць прэзентаваць майстры з Беларусі, Польшчы і Літвы. У якасці  музычных зорак выступяць гурты «Аkcent» і «Sztywny pal Azji”. Больш падрабязна з праграмай можна пазнаёміцца на сайце bdkbielsk.pl.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bdkbielsk.pl