Страшны пажар пад Кіевам



Чатыры чалавекі загінулі, сгарэла некалькі пажарных машын. Такія наступствы пажара, які пачаўся яшчэ пазаўчора на нафтабазе ў Васількове, што непадалёк Кіева. Але пажар нарэшце лакалізаваны.

pojar_v_vasilkove_otravil_kievlyanam_vozduh_7557

https://www.youtube.com/watch?v=PPltZVwr5aE

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Пажар на нафтабазе “БРСМ-нафта” у Васількове распачаўся яшчэ пазаўчора. Адначасна выбухнула каля 14 000 тон паліва. Полымя было такім гарачым, што пажарныя не змаглі адразу наблізіцца да месца катастрофы. Дым з Васількова можна было назіраць нават з некаторых кіеўскіх ускраін.

Пажар тушылі каля 300 пажарных і 50 адзінак тэхнікі. Сёння ўранку на нафтабазе прагучаў чарговы выбух. Але міністр унутраных спраў Арсен Авакаў запэўнівае, што агонь лакалізаваны.

Тым часам адсотак небяспечных рэчываў у кіеўскім паветры перавысіў усе дапушчальныя нормы. У некаторых раёнах рэкамендавалі насіць марлевыя маскі і не выходзіць без дай патрэбы на вуліцу.

Прычыны пажара, які прызнаны самым масштабным на Кіеўшчыне за апошнія 50 гадоў, пакуль невядомыя. У рэжымнай частцы нафтабазы сцвярджаюць, што за апошні месяц ахова колькі разоў знаходзіла на тэрыторыі выбухоўку, але ўлады абвяргаюць верагоднасць тэракта.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота timer-odessa.net