Студыюм Усходняй Еўропы – інстытут, дзе вывучаюць Беларусь



У Варшаўскім універсітэце ўрачыста адзначылі юбілей «Студыюм Усходняй Еўропы» – навуковай і дыдактычнай ўстановы, якая займаецца вывучэннем постсацыялістычных краінаў: ад Балканаў аж да Сярэдняй Азіі.

25 гадоў таму Студыюм Усходняй Еўропы быў заснаваны людзьмі, якія падпольна займаліся навукай падчас панавання камунізму ў Польшчы. Дырэктарам установы з’яўляецца Ян Маліцкі, які таксама ўзначальвае Стыпендыяльную Праграму імя Кастуся Каліноўскага.

Асаблівую ўвагу Студыюм надзяляе беларускім справам. Гаворыць выкладчык Варшаўскага Універсітэта, доктар Мар’юш Кавальскі:

— Беларусь – гэта адна з найважнейшых абласцей зацікаўленасці Студыюм Усходняй Еўропы. У нас вельмі шмат студэнтаў з Беларусі. Калісьці іх было больш, цяпер трошкі меней.

Мы навукова займаемся Беларуссю. Беларусь – адзін з найважнейшых суб’ектаў ва Усходняй Еўропе, тое, што адбываецца ў Беларусі, уплывае на сітуацыю ў Еўропе і нават на сітуацыю ва ўсім свеце.

Апошнім часам у нас пагоршыліся кантакты з Беларуссю, з-за палітычнай сітуацыі, якая цяпер там пануе. Але мне падаецца, што надыходзіць такі час, калі і палякі, і беларускія ўлады пачынаюць трохі інакш думаць. Мяркую, што ў сувязі з гэтым будзем наладжваць сувязі, супрацу і даследаванні, звязаныя з Беларуссю.

Каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка праходзіў паслядыпломнае навучанне ў Студыюм Усходняй Еўропы. Былы палітвязень зазначае, што польская прафесура асабліва цікавіцца Беларуссю праз гістарычныя прычыны:

Польскія выкладчыкі вельмі цікавяцца нашай краінай, таму што Беларусь не толькі знаходзіцца на ўсходзе Еўропы, але таксама з’яўляецца суседкай Польшчы, гэта першае, а другое, калісьці мы былі адной дзяржавай, і гэта таксама вельмі важна для польскага боку.

Калі адбыліся падзеі на Майдане, потым расейская агрэсія супраць Украіны, я палічыў, што 16 выкладчыкаў, якія выкладалі асабіста ў мяне, былі экспертамі на розных каналах польскага тэлебачання. Гэта значыць, што людзі з’яўляюцца праўдзівымі адмыслоўцамі і па Украіне, і думаю вельмі шмат з іх з’яўляюцца экспертамі і па Беларусі.

Для мяне гэты былі часы (навучання ў Студыюм – А.З.) інтэлектуальнага “балявання”. І для мяне гэта было яшчэ такое шчасце, што пасля турмы, дзе не хапала інтэлектуальных зносінаў, была магчымасць сустракацца з такімі людзьмі.

Вельмі цікава, што, напрыклад, гісторыю Балканаў у нас выкладаў грамадзянін Албаніі, гісторыю Каўказу – грузінскі прафесар. Узровень адукацыі вельмі сур’ёзны.

Інтэрнацыяльны склад выкладчыкаў – гэта таксама адметнасць Студыюм. Беларускі філосаф Пётра Рудкоўскі, пасля атрымання Узнагароды імя Льва Сапегі чытаў у Студыюм лекцыі:

— Гэта пляцоўка вакол дырэктара Яна Маліцкага, каторая аб’ядноўвае даволі салідных выкладчыкаў, даследчыкаў, і таксама вельмі светлых, цікавых студэнтаў. За мой вельмі кароценькі досвед выкладання, напрыклад, меў сярод студэнтаў украінскага пісьменніка.

Студыюм Усходняй Еўропы – гэта месца рэфлексій над каштоўнасцямі, каторыя павінны легчы ў аснову паслясавецкіх дзяржаваў. Якім чынам, якімі метадамі можна было б ажыццявіць гэтую каштоўнасную перамену.

Дарадца прэзідэнта Польшчы па ўсходняй палітыцы Уршуля Дарашэўская зазначае, што Студыюм Усходняй Еўропы, як навуковая ўстанова дапамагае будаваць масты паміж краінамі Усходняй Еўропы і Захадам:

— Для польскай навукі важна, які ўклад Польшча можа ўнесці ў еўрапейскую навуку. Такім вельмі важным укладам з’яўляюцца нашы веды і наша супраца з краінамі Усходу: Беларуссю, Украінай, краінамі Каўказу. Мы маем добрыя кантакты, маем веды, маем навуковую супрацу, і мы хочаш вучыць навукоўцаў і  студэнтаў з розных краінаў, каб разам з імі ствараць еўрапейскую навуку і разам аддаляць іх краіны ад савецкага мінулага. Для Польшчы гэта вельмі важна, бо мы дапамагаем гэтым краінам увайсці ў Еўропу, мы будуем гэты мост, а гэта ж еўрапейскія краіны, якія  аднаўляюць свае карані! Таму навуковая супраца, пабудова наноў нашага расповеду пра гісторыю, узгадванне пэўных фактаў, гэта ўзбагачае польскую, беларускую, украінскую культуру, культуру краінаў Каўказу, а адначасова мае вялікае значэнне для культуры Захаду. І таму, я думаю, што Студыюм Усходняй Еўропы з’яўляецца вельмі важным.

Сёлета пры Студыюм Усходняй Еўропы стварылі Цэнтр беларускіх даследаванняў. Выкладчыкамі Цэнтра з’яўляюцца беларускія навукоўцы, якія з-за палітычных прычынаў не могуць выкладаць у беларускіх вучэльнях. Узначаліў новаўтвораную навуковую і дыдактычную адзінку прафесар Аляксандр Краўцэвіч.

 

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя