Свята Казанскай іконы Божай Маці у Бельску



Праваслаўная царква адзначае свята Казанскай іконы Божай Маці. У гэты дзень вернікі наведваюць магілы сваіх блізкіх ды ідуць на набажэнства.

cimg6136

«Як каталіцкія вернікі ў першы дзень лістапада, гэтак і мы 4 лістапада ўшаноўваем памяць продкаў», – кажуць праваслаўныя вернікі з Бельска Падляшскага, якіх наш карэспандэнт сустрэў на мясцовых могілках:

– Як кожны з каталікоў адзначае свята 1 лістапада, так праваслаўныя адзначаюць свята Казанскай іконы Божай Маці.

– Ходзяць людзі на могілкі, наведваюць магілы сваіх продкаў.

– Маці Божая нас ахоўвае. І мы молімся да яе. Я прыйшла мужа свайго памянуць.

– Тут жа ўсе нашыя родныя пахаваныя: дзядулі і бабулі, мама і тата. І мы, як я яшчэ быў маленькі, хадзілі сюды з дзедам на магілу прадзеда успомніць нашых продкаў.

Падчас асвячэння могілак адбылася таксама літургія ў Cвятатроіцкай царкве, дзе і знаходзіцца Казанская ікона Божай Маці.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара