Свята Польскага Войска ў Беластоку



Вайсковымі адзначэннямі, паказам параднай муштры і ўрачыстым заклікам у Беластоку адзначылі Свята Польскага Войска. На Рынку Касцюшкі сабраліся вайскоўцы, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання ды многія беластачане. Падляшскі ваявода Богдан Пашкоўскі ў сваёй прамове падзякаваў Польскаму Войску і адзначыў, што перамога над бальшавікамі ў 1920-м годзе змяніла гісторыю свету:

— Сёння мы ўзгадваем 96-ю гадавіну Варшаўскай бітвы і за гэта трэба таксама падзякаваць нашым дзядам і ўсім пакаленням нашых продкаў, якія баранілі Айчыну.

 Жыхар Беластока:

— Я прыйшоў з унукамі. Гэта не павінна быць забавай, тут чалавек адчувае нешта больш глыбокае. Трэба паказаць маладым, якая была Польшча, якая гісторыя Польшчы.

Урачыстасць суправаджаюць дадатковыя мерапрыемствы. У скверы Арміі Краёвай праходзіць фартэпіянны канцэрт патрыятычнай песні.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя