Свята ў Бельскай Тройцы



У Комплексе школ №3 з дадатковым навучаннем беларускай мовы адзначылі свята школы. З гэтай нагоды выступіў школьны калектыў «Капрыс», прагучалі дэкламацыі вершаў беларускіх паэтаў і адбыліся экскурсіі на могілкі настаўнікаў, ды патрона школы, беларускага дзеяча і дырэктара школы, Яраслава Кастыцэвіча.

Што гэты дзень абазначае для вучняў, ды як успрымаюць беларускую мову і культуру? На гэтае пытанне адказалі нашаму радыё гімназісты з Бельскай Тройкі:

— Школа з такім профілем гэта вельмі цікавая справа, бо мы можам вучыцца, можам пазнаваць гэтую культуру, якую культывуюць нашы дзяды,гэта вельмі цікава.

— Для мяне гэта вельмі асаблівы дзень, бо я тут ужо 9 гадоў вучуся і тут вучылася ўся мая сям’я.

—  Беларуская мова для мяне важная, бо мае бабуля і дзядуля з Беларусі.

РР: Ці гэта твая родная мова?

— Так. Гэта родная мова

— Я адчуваю, што мне вельмі патрэбная беларускасць, бо гэта гісторыя нашай гімназіі.

У межах свята школы прайшла таксама сустрэча з заснавальнікам Музея малой бацькаўшчыны ў Студзіводах, Дарафеям Фіёнікам, які распавёў пра апошнюю кнігу свайго сааўтарства «Бежэнство 1915-1922. Дорога і повороты» і адбыліся паказы фільмаў.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя