Сяргей Нічыпарук – герой новага фільма Юры Каліны



Захапленне камунізмам, вучоба ў духоўнай семінарыі, дзейнасць у прафсаюзе «Салідарнасць» і праца цесляра. Гэта жыццёвы шлях толькі аднаго чалавека, чалавека незвычайнага – Сяргея Нічыпарука, падляшскага прадпрымальніка, які стаў героем новага фільма Юры Каліны «Сярожа».

Kalina

РР: Фільм «Сярожа» – гэта ваш трэці фільм цягам апошняга часу пра героя з Падляшша. Які вы маеце ключ выбару героя, асабліва з гэтай тэрыторыі? І чаму Сярожа Нічыпарук?

Юры Каліна: Пачну з таго, што на тэлебачанні я працую ўжо 20 гадоў. На пачатку, як толькі пачаў працаваць у беластоцкім аддзеле тэлебачання, натуральна, займаўся справамі рэгіёна, справамі беларусаў на Падляшшы. Пасля быў час захаплення тым, што адбывалася ў Беларусі: гэта былі часы адраджэння краіны і яе незалежнасці. Шмат разоў туды ездзіў. Пасля я меў нагоду наведаць з камерай некалькі краін Усходняй і Паўднёвай Еўропы.

І вось гадоў пяць таму я падумаў, што варта вяртацца на Бацькаўшчыну. Па-першае, тут прасцей рэалізаваць фільмы. Па-другое, абавязак нашага журналіста – ці то Беларускае Радыё Рацыя, ці то тэлебачанне, ці то прэса – гэта заўсёды паказваць тое пазітыўнае, добрае, светлае, што ёсць у нас на Падляшшы. Калі мы гэтага не зробім, то і ніхто не зробіць.

І фактычна. Гэта ўжо трэці фільм з цыкла цікавых біяграфій беларусаў з Падляшша. Спачатку быў архімандрыт Гаўрыіл (фільм «Архімандрыт»), пасля – Дарафей Фіёнік (фільм «Сейбіт»), а зараз – Сяргей Нічыпарук у фільме «Сярожа».

Мяне захапіла яго біяграфія. Я крыху ведаў пра Сяргея Нічыпарука, чытаў пра яго. Паколькі сам па адукацыі гісторык, некалькі разоў пагаварыў з ім. І ён мне расказаў больш дэталёва пра сваю біяграфію. Ужо тады я ведаў, што варта пра яго зрабіць фільм.

РР: У многіх Сяргей Нічыпарук асацыюецца з агратурызмам, які ён вядзе ў вёсцы Буды. Напэўна, там здымалі фільм. Але дзе яшчэ, якія месцы ёсць яго на Падляшшы?

Юры Каліна: Яго месцаў на Падляшшы шмат. Думаю, варта пачаць з вёскі Заляшаны – вядомай вёскі, хаця б з прычыны трагічных сумных падзеяў 1946 года. Ён сам пахадзіць з гэтай вёскі, дзе амаль 70 гадоў таму была знішчана вялікая частка яго сям’і атрадам Рамуальда Райса «Бурага». Гэта адзін з эпізодаў, які напэўна паўплываў на яго жыццё.

Далейшае жыццё Сяргея Нічыпарука, як і большасці жыхароў Падляшша (маю на ўвазе беларусаў і праваслаўных), – гэта захапленне камунізмам. І тады такіх людзей было шмат, хоць многія не прызнаюцца цяпер у гэтым. Сам Нічыпарук у фільме гаворыць, што ён быў ідэйным камуністам. Чаму так? Адказ таксама вынікае з гэтага фільма. Калі адна палітычная сіла паліць тваю хату і забівае сям’ю, то, натуральна, шукаеш месца ў другой.

Але, напрыклад, у 1976 годзе сам дайшоў да вываду, што камунізм – гэта хлусня і падман, кінуў партыйны білет і запісаўся слухачом да праваслаўнай семінарыі, якую скончыў. І пасля нават быў нейкі час настаўнікам Закону Божага.

У міжчасе таксама варта заўважыць, што амаль 30 гадоў займаўся будоўляй драўляных хатаў, корчмаў, нават цэрквы будаваў. Можна сказаць, быў прыватным прадпрымальнікам і з гэтага ўтрымліваў сям’ю.

Яшчэ адзін вельмі цікавы эпізод у яго жыцці – гэта 1981 год. У Дубічах Царкоўных быў арганізаваны прафсаюз сялянаў «Салідарнасць». Маладзейшыя нашы слухачы і чытачы, напэўна, не ведаюць, што ў гэты час большасць праваслаўных вельмі скептычна ўспрынялі рух «Салідарнасць», бо лічылі яго нацыянальна-рэлігійным, дзе пад словам «рэлігійны» маем на ўвазе «каталіцкі, польскі». Таму праваслаўныя глядзелі на гэта, як на не зусім сваё. Але Сяргей Нічыпарук знайшоў там сваё месца.

І хацеў бы, завяршаючы расповед пра яго біяграфію, нагадаць, што ў тых жа Заляшанах, у манастыры, знаходзіцца яго дачка Елізавета, якая моліцца за душы людзей, замардаваных «Бурым».

РР: Канцэпцыя фільма цікавая. На здымках і ў трэйлеры фільма я бачыў нашага сябра, журналіста Яраслава Іванюка. Ён рабіў нейкі рэпартаж у гэты час. Што вы наконт гэтага думаеце?

Юры Каліна: Каб зрабіць фільм, трэба мець тэму, героя, праз якога раскажаш пра гэтую тэму. Але трэба такі фільм «апрануць» у нейкую цікавую форму. І ў гэтым выпадку я прыдумаў такую канцэпцыю: Яраслаў Іванюк будзе журналістам-следчым, які якраз і раскрывае для сваіх патрэбаў, для патрэбаў рэпартажу, які рыхтуе для Радыё Беласток, постаць Сяргея Нічыпарука, а наша здымачная група толькі за гэтым назірае. Ён запісваў гук для свайго рэпартажу, а я пры нагодзе здымаў фільм. У выніку атрымаўся такі праект. А як ён ужо будзе ацэнены – вырашаць гледачам, якія будуць мець магчымасць паглядзець гэты фільм.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Паказ дакументальнага фільма «Сярожа» пройдзе сёння, 26 студзеня, у «Форуме». Пачатак у 18:00.

Гутарыў Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток