Трагедыі 1946 года: Заляшаны, Зані, Шпакі і…



Пра трагедыю 1946 года размаўлялі  ў Цэнтры прамоцыі рэгіёну «Чарлёнка» у Гайнаўцы.

1racinieuski_sustrecza_lajeuskaja_1

Госцем сустрэчы была наша рэдакцыйная калега Валянціна Лаеўская, якая гаварыла пра свой рэпартаж «Я іх бачу», прысвечаны тэме пацыфікацыі вёскі Заляшаны атрадам Польскага збройнага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса «Бурага». Мерапрыемства, на якое прыйшло больш за 50 чалавек, закранула таксама іншыя падзеі пацыфікацый беларускіх вёсак на Беласточчыне.

На сустрэчы можна ўбачыць, што людзі адкрываюць для сябе тэму падзеяў пачатку 1946 года, кажа Валянціна Лаеўская:

– Колькасць людзей, якія прыйшлі на сустрэчу, сведчыць пра тое, што гэтая тэма вельмі моцна хвалюе нашае грамадства. Яшчэ застаецца шмат нявысветленага. Перад намі, журналістамі, яшчэ шмат працы – трэба шукаць людзей, якія штосьці ведаюць пра гэта, запісваць іх і ладзіць вось такія сустрэчы. Бо гэта як псіхатэрапія – людзі тут могуць выказаць свой боль, смутак, тое, што яны адчуваюць. Чалавек не можа трымаць у сабе гэты боль усё жыццё, яму трэба ім падзяліцца.

«Магчыма 70-я гадавіна гэтых злачынстваў стане нагодай для таго, што людзі нарэшце змогуць сустрэцца», – дадае Валянціна Лаеўская.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле

Фота аўтара