Тры беларускія кніжкі з’явяцца ў польскім перакладзе



Тры беларускія кніжкі ў польскім перакладзе неўзабаве з’явяцца ў кнігарнях. Размова ідзе пра прозу Барыса Пятровіча і Алены Брава, а таксама паэзію Надзеі Артымовіч. Перакладам на польскую мову заняліся такія аўтарытэты, як Міра Лукша, Юры Плютовіч і Марцін Рэмбач. Усе тры кніжкі будуць надрукаваныя Фондам „Суседзі”, які плануе прамоцыю ўсіх трох яшчэ ў першым квартале гэтага года, кажа старшыня фонда Андрэй Каліноўскі:

– Вырашым, калі будзе спатканне, ці зробім яго падчас кірмашу, ці ў беластоцкім асяроддзі. 

Андрэй Каліноўскі падкрэсліў адначасова, што намерам Фонда „Суседзі” з’яўляецца выданне беларускіх кніг у перакладзе на польскую мову штогод:

– Узнагарода Ежы Гедройца ўручаецца кожны год за творы, напісаныя на беларускай мове. Калі ўбачым, што ёсць нешта цікавае, то будзем размаўляць з аўтарамі. І пераважна ёсць многа цікавага, і кожны год у нас атрымліваецца выдаць як мінімум тры кніжкі.  

Шырэйшае інтэрв’ю са старшынёй Фонда „Суседзі” Андрэям Каліноўскім будзе можна прачытаць у бліжэйшым нумары Тыднёвіка „Ніва”.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя