Цэнтр імя Заменгофа ў Беластоку могуць закрыць



Установа, у статуце якой запісана прасоўванне шматкультурнай спадчыны і ідэі талерантнасці будзе ліквідаваная. На сесіі рады горада Беластока 25 красавіка будзе разглядацца праект пастановы аб аб’яднанні  самаўрадавых установаў культуры: Цэнтра імя Людвіка Заменгофа і Беластоцкага асяродка культуры.

У рэальнасці гэта значыць закрыццё цэнтру імя Заменгофа. Пра планы ўладаў горада, якія прадставіў віцэ-прэзідэнт Рафал Рудніцкі, супрацоўнікі цэнтра даведаліся ад журналістаў. «Супраць гэтых прапановаў выступілі  радныя Грамадзянскай платформы», — кажа Мацей Бернацкі:

 — Мы ўсе ведаем, што віцэ-прэзідэнт Рудніцкі выйшаў з партыі Права і справядлівасць, але пытанне: колькі ад гэтай партыі засталося ў спадары Рудніцкім? Гледзячы на тое, што адбываецца ў Беластоку, падобны рух выклікае вялікае здзіўленне. Сёння Беластоку патрэбная размова пра вырашэнне праблемаў між іншымі нацыяналізму і крок у бок ліквідацыі настолькі важнага асяродка, які працуе на карысць міжкультурнага паразумення і талеранцыі, для нас непрымальны.   

Радныя ад партыі Грамадзянская платформа кажуць, што калі прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі і ягоныя радныя падтрымаюць праект ліквідацыі цэнтра імя Людвіка Заменгофа, гэта будзе канцом іх супрацы ў гарадской радзе заяўляе Збігнев Нікіторовіч, шэф клуба радных ад Грамадзянскай платформы:

Гэта непрымальная справа і ў спадара прэзідэнта яшчэ ёсць час адмовіцца ад гэтага рашэння. Я заклікаю яго ўзяць прыклад з беластоцкай курыі, якая папрасіла прабачэння за факт, што ў мінулую суботу ў катэдры абдылося набажэнства — імпрэза нацыянальна-радыкальнага лагеру. Гэтак жа можна зрабіць і спадар прэзідэнт Трускаляскі, ні ў каго карона з галавы не спадзе.

Праект пастановы аб ліквідацыі цэнтра імя Людвіка Заменгофа і стварэнні адной самаўрадавай установы культуры пад назвай Беластоцкі асяродак культуры будзе разглядацца  на сесіі гарадской рады 25 красавіка. Радныя ад партыі Грамадзянская платформа заяўляюць, што калі ў выніку галасавання ўстанова будзе ліквідаваная, яны пачнуць збор подпісаў жыхароў Беластока супраць гэтай пастановы.

Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток