У Адрынках ушанавалі памяць святога Антонія



15 верасня Царква ўспамінае святога Антонія. Гэта адзін з нябесных заступнікаў адзінага ў Польшчы  праваслаўнага скіта ў гонар святых  Антонія і  Феадосія Кіева-Пячэрскі.

DSC_8148

Знаходзіцца ён у вёсцы Адрынкі, што на Падляшшы. Жыве тут адзін манах – архімандрыт Гаўрыіл. На свята ў скіт прыбыла некалькі соцень вернікаў. Багаслужбу праводзіў Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава.

Вернікі:

– Мы і ў малітве, і думкамі сваімі пераносімся ў пячоры Кіеўскай абіцелі.

– Слава Богу, што хоць перад смерцю я прыйшла сюды. Так лёгка на сэрцы стала, як я пабыла тут!

– Я прыязджаю сюды, бо гэта мой дарагі анёл-ахоўнік. Гэта незвычайны святар, ён дапамагае людзям, нам Бог паслаў з неба анёла!

На свяце прысутнічала дэлегацыя чэшскай Царквы, якая ўзнагародзіла архімандрыта Гаўрыіла медалём святых Кірыла і Мяфодзія.

DSC_8130

Скіт ва ўрочышчы Кудак над ракой Нарвай заснаваў менавіта архімандрыт Гаўрыіл. Першую багаслужбу правёў тут у чэрвені 2009. У гэтай ваколіцы ў гадах 1574-1824 дзейнічаў праваслаўны манастыр.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара