У Беластоку абмяркоўвалі пытанні фінансавання меншасных праектаў



Сітуацыя з фінансаваннем меншасных праектаў, новыя – абвостраныя і незразумелыя ўмовы між арганізацыямі і Міністэрствам. Гэта галоўная тэма сустрэчы прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў з нацыянальнымі меншасцямі ў Беластоку.

Паводле старшыні Цэнтра адукацыі і прамоцыі беларускай культуры „Шчыты” ў Шчытах-Дзенцёлове Ігара Лукашука, аб новых умоваў фінансавання меншасці даведаліся ўжо пасля конкурсаў.

– У Польшчы ўсё яшчэ дзейнічаюць людзі, якія робяць нешта з патрэбы сэрца, якія не займаюцца гэтым усім прафесійна. Усё што абмяжоўвае – кідае ў нейкія строгія рамкі, хтосьці можа сказаць – дысцыплінуе, але насамрэч гэта перашкаджае ў дзеянні і ўплывае негатыўна на нашую дзейнасць.

У час штогадовай сустрэчы прадстаўнікоў меншасці выслухала віцэ-дырэктар дэпартамента рэлігійных веравызнанняў ды нацыянальных і этнічных меншасцяў у Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Тэрэса Качмарэк. Бюджэт Міністэрства на дафінансаванне дзейнасці нацыянальных ды этнічных меншасцяў сфармаваны ў памеры 16 мільёнаў злотых. Арганізацыі беларускай меншасці атрымаюць сёлета 2,5 мільёна злотых.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара