У Беластоку падвялі вынікі ваяводскіх прадметных конкурсаў



У Беластоку падвялі вынікі ваяводскіх прадметных конкурсаў для гімназістаў. На ўрачыстым мерапрыемстве сабраліся дырэктары школаў, прадстаўнікі аддзелаў адукацыі, настаўнікі і вучні, сярод якіх таксама лаўрэаты конкурсу па беларускай мове.

Паводле настаўніцы з мясцовасці Нарва, Ніны Аўрамюк, поспехі вучняў цешаць ня толькі іх:

— Калі ёсць плён у вывучэнні беларускай мовы, калі яны становяцца лаўрэатамі, яны тады шчаслівыя  і задаволеныя і кажуць, што ўсё ж такі варта было столькі часу прысвяціць беларускай мове. І гэта радасць не толькі для вучня, але таксама і для настаўніка, для дырэкцыі, для бацькоў.

Званне лаўрэата дае вучням канкрэтныя выгады. Па-першае можна трапіць у любую сярэднеадукацыйную школу па-за конкурсам, а па-другое, гэта вызваляе ад часткі экзаменаў у гімназіі. Шматразовы лаўрэат прадметнага конкурсу па беларускай мове  Максім Фіёнік кажа і пра тое, што алімпіяды дапамагаюць ў развіцці сваіх зацікаўленняў:

— Я хацеў даведацца пра Беларусь, мяне заўсёды цікавілі яе культура і традыцыі і я чытаў мноства тэкстаў і праз гэта а навучыўся любіць беларускую літаратуру.

Агулам званне лаўрэата прадметнага конкурсу па беларускай мове атрымалі 48 гімназістаў з усяго Падляшскага ваяводства.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя