У Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з бежанцамі



У Беластоку прайшла дэманстрацыя падтрымкі прыняцця бежанцаў з Блізкага Усходу. На Рынку Касцюшкі з’явіліся людзі, якія ўжо цяпер дапамагаюць бежанцам, арганізуюць збор ежы ды іншых неабходных рэчаў. Паводле арганізатаркі шэсця Адэлі Марты Юркоўскай з ініцыятывы “Хлебам і соллю”, большасць беластачанаў гатовыя дапамагчы іншым у няшчасці:

– Людзі, якія сюды прыйшлі, паказалі, што ёсць месцічы Беластоку, якім бежанцы не перашкаджаюць. І яны ў свой вольны дзень прыйшлі, каб пра гэта сказаць. Думаю, невялікі працэнт людзей, якія на столькі нячулыя, што ненавідзяць іншых людзей і жадаць ім смерці. Проста гэтыя людзі вельмі гучныя, і здаецца, што іх шмат.

На Рынку Касцюшкі з’явіліся таксама праціўнікі прыняцця эмігрантаў на польскай зямлі. Партыя KORWIN з’арганізавала паралельна палітычную канферэнцыю, у часе якой выказаліся супраць таго, каб бежанцаў прымалі ў Польшчы:

– Супраціўляемся таму, каб фінансаваць грошыма падаткаплацельшчыкаў ініцыятывы, якія нічому не служыць. Мусім выдаткаваць да 200 мільёнаў злотых толькі для таго, каб нехта нам тое сказаў.

Еўрапейская камісія хоча, каб Польшча прыняла каля дзевяці тысяч уцекачоў. У планах Еўразвязу – прыняццё каля 160 тысяч эмігрантаў. Згодна з прапановай, кожная краіна атрымае шэсць тысяч еўра за асобу. Іншыя кошты, звязаныя з прыняццём эмігрантаў і іх сем’яў, маюць аплаціць дзяржаўныя бюджэты краінаў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя