У Беластоку прайшоў першы дзіцячы конкурс беларускай песні



У Cклепе з культурай АБ-БА ў Беластоку, што па вул. Чэнстахоўская 6а, адбыўся першы дзіцячы конкурс беларускай песні. У конкурсе ўзялі ўдзел дзеткі, якія вывучаюць беларускую мову ў пачатковай школе №4. Свае вакальныя магчымасці прадставілі каля двух дзясяткаў удзельнікаў. Прагучалі народныя песні і творы на словы падляшскіх паэтаў.

Як адзначае арганізатар мерапрыемства, намеснік старшыні Аб’яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову (АБ-БА) Аліна Ваўранюк, ідэя конкурсу паходзіць ад саміх вучняў:

– Па колькі ў нашай школе восенню для нашых вучняў прайшоў такі конкурс англійскай песні – песняў на англійскай мове. Дзяўчаты з 4-га Б класа сказалі, што яны хацелі б удзельнічаць у такім конкурсе беларускай песні. Гэта добрая справа, бо вельмі актывізуе дзяцей і бацькоў, бо фактычна рэпертуар быў неабмежаваны ў такім сэнсе, што маглі спяваць кожную песню на беларускай мове, якую захацелі.

Прозвішчы пераможцаў першага конкурсу беларускай песні, які ладзіць АБ-БА, можна будзе даведацца ўжо 17 чэрвеня падчас урачыстага падвядзення вынікаў працы дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову ў Беластоку. Мерапрыемства сёлета адбудзецца ў Беластоцкім драматычным тэатры імя Аляксанда Венгеркі.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Адама Паўлоўскага