У Беластоку праходзіць экалагічны форум



«Экалогія і аднаўляльныя крыніцы энергіі як шанец на развіццё Усходняй Польшчы». Пад такім загалоўкам у Беластоку праходзіць агульнапольская канферэнцыя прысвечаная экалагічным відам энергіі. Экалагічны форум гэта магчымасць сустрэчы прадстаўнікоў самаўрада, інвестараў, выканаўцаў і вытворцаў экалагічных тэхналогіі.

Галоўная мэта сустрэчы — дыскусія наконт новай энергетычнай стратэгіі Усходняй Польшчы, кажа арганізатар мерапрыемства Кшыштаф Ян Ставніцкі з фонду «Цэнтр падтрымкі экалогіі»:

— На тэрыторыі нашага ваяводства няма вялікай прамысловасці. Маршалкоўская ўправа шмат гадоў распрацоўвала розныя стратэгіі, у якіх мы між іншым рабілі стаўку на турызм, але выйшла, што турызм — гэта не вядучае кола нашага ваяводства і трэба шукаць рашэнні. Ва ўзнаўляльнай энергіі ёсць вялікі патэнцыял і яна даволі цікавая нашым замежным партнёрам, у тым ліку з Беларусі і Літвы.

У час экалагічнага форума ў Беластоку арганізатары вылучылі найлепшыя ідэі, звязаныя з развіццём экалагічных крыніц энергіі. Галоўную ўзнагароду атрымала кракаўскае прадпрыемства, якое робіць лаўкі, што сілкуюцца сонечнай энергіяй і на якіх можна падзарадзіць тэлефон і скарыстацца з Wi-Fi.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток