У Беластоку ўшанавалі памяць “выклятых жаўнераў” (абноўлена)



У Беластоку прайшоў марш з нагоды Нацыянальнага дня памяці «выклятых жаўнераў». У сваім звароце перад маршам Тамаш Гасеўскі з групоўкі “Патрыятычна Ягелонія” сказаў, што ёсць арганізацыі і людзі, якія зневажаюць памяць “выклятых жаўнераў” і хочуць пасварыць праваслаўных і католікаў.

DSC02292

Размова ідзе пра супраціўленне мясцовых беларусаў, якія не пагаджаюцца на ўслаўленнне жаўнера польскага падполля Рамуальда Райса „Бурага”, атрад якога ў 1946 годзе забіў 79 чалавек, у тым ліку жанчын і дзяцей беларускага паходжання.

Як выказаўся Тамаш Гасеўскі, такім асобам і арганізацыям трэба аб’явіць вайну гістарычных фактаў і заклікаў да ўзмацнення актыўнасці нацыянальных польскіх арганізацыі на Бельшчыне і Гайнаўшчыне:

– Трэба арганізаваць у гэтых рэгіёнах шэраг адукацыйных акцый. Я звяртаюся да патрыятычных і польскіх нацыянальных арганізацый, каб яны былі больш актыўныя там, як яны актыўныя ў Беластоку. Звяртаюся і да сталых удзельнікаў Маршу, каб яны прыязджалі ў гэтыя рэгіёны і ўдзельнічалі ў такіх ініцыятывах. Там гэта мае большы сэнс, чым дзе яшчэ ў Польшчы.

У суботу ў Гайнаўцы прайшоў Марш памяці “выклятых жаўнераў”. Марш афішаваў асобу Рамуальда Райса “Бурага”. У час беластоцкага маршу некаторыя з удзельнікаў узносілі лозунг “Буры – наш герой”.

* * *

1-га сакавіка ў Польшчы адзначаецца нацыянальны дзень памяці “выклятых жаўнераў”. Памяць жаўнераў, якія пасля Другой сусветнай вайны ваявалі з камуністычнымі ўладамі, ушанавалі таксама і ў Беластоку.

DSC02257

Каля будынку кіно „Ton”, у якім у 40-я і 50-я гады адбываліся суды над жаўнерамі, сабраліся ветэраны, прадстаўнікі ўлады ды жыхары Беластока:

– Я памятаю тыя гады, калі нельга было пра гэта казаць. Прыйшла сюды, каб аддаць ім даніну павагі і падзякаваць за тое, што маем Польшчу такую, якую цяпер маем.

– Шукаю дзядзьку, брата маёй маці, які знікнуў без вестак пасля 1945 года. Не ведаю, магчыма ён быў “выклятым жаўнерам”, ляжыць недзе безыменны ў невядомай магіле.  

Ідэя дня “выклятых жаўнераў” паходзіць ад былога прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара